
7–9 кастрычніка ў дажджлівым халодным літоўскім Каўнасе прайшоў Шосты Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Ён сабраў некалькі соцень навукоўцаў з дзясятка краін. У Кангрэсе паўдзельнічала і Таварыства ўкраінскай літаратуры. Панэль, ініцыяваная сябрамі Таварыства, была прысвечаная вывучэнню беларуска-ўкраінскага памежжа і падзеленая на два блокі: мовазнаўчы і гістарычны. Яе наведалі каля 20 чалавек. З праграмай можна азнаёміцца тут.

Уводны выступ Наталкі Бабінай, старшыні Таварыства, падняў дыскусіўныя, балючыя пытанні: як зберагаць лакальную ідэнтычнасць сярод вялікіх нацыянальных культур? як – і ці ёсць сэнс – спрыяць захаванню мясцовых гаворак? Цяперашняе пакаленне – апошняе, якое ведае мясцовую гаворку, выказалася Бабіна.
Ёй запярэчыў культуролаг Віктар Місіюк: такая думка – песімістычны варыянт, а рэалістычны такі, што захаванасць і ўжыванасць гаворак вельмі залежыць ад мясцовасці.
Найбольш падымалі праблему ідэнтычнасці, памяці і яе болевых кропак. Філолаг Наталля Хабзей адзначыла, прыход да сябе праз сваю гаворку цяпер складанейшы, чым праз літаратурную мову – “бо гэтае слоўца, гэтае карэнне не перадавалася табе ад продкаў, каб загаварыць, трэба асяроддзе”.

З-за гістарычных абставін у нашым рэгіёне памяць дэвальвавалася. Захоўваць фатаграфіі, лісты было нельга. Цяпер амаль кожны па кроплі адшуквае сваё мінулае – камусьці гэта ўдаецца, камусьці не. “Коли ми видавали «Лексикон львівський» (він вже має три видання), ми хотіли цим словником показати: те, що рідне і близьке, треба фіксувати”. “Бо гісторыя – гэта шанец на існаванне для тых, каго ўжо няма,” – сцвердзіў Віктар Місіюк.
У асноўнай частцы свайго выступу філолаг і дыялектолаг са Львова Наталля Хабзей звярнула ўвагу на спробы ўкраінскай Акадэміі навук стварыць слоўнікі заходнепалескіх гаворак.

Яна расказала, што ў 60-я гады да дыялектолагаў у палескай вёсцы ставіліся яшчэ вельмі насцярожана, часта на пытанні: “Як у вас називають … (до прикладу, який-небудь предмет побуту)” жанчыны адказвалі: “Я в політику не бавлюся”. Першая лексікаграфічная праца па беларуска-ўкраінскім памежжы належала рэпрэсаванаму даследчыку Міколу Карзанюку, які пазначаў лакацыю і літаратурны адпаведнік або кароткае апісанне кожнай лексемы: “баді – оладки з тертої картоплі», «бекар – дитяча гра». Другім выбітным украінскім даследчыкам беларуска-ўкраінскага памежжа быў Рыгор Аркушын, які ў Луцку сабраў выдатную фанатэку гаворак. На аснове яе нядаўна была створана электронная мапа дыялектаў, дзе можна пачуць гаворку ці не кожнай вёскі рэгіёна!
Басконец Крышціян Рансэра даследуе вузкі прадмет: лічэбнікі ў палескіх гаворках, а даклад прысвяціў зусім вузкай тэме – лічэбнікам 2–4 і назоўнікам гэтага ліку.

“Гэта асаблівы лік, які сустракаецца хіба толькі ў Аўстраліі!” – захапляецца Крышціян. У некалькіх вёсках даследчык сутыкнуўся з зусім асаблівым выпадкам: папрасіў дапасаваць назоўнікі “брат” і “сын” да лічэбнікаў “два”, “тры”, “чатыры”. Выйшла “два браты, тры браты”, але “чатыры браты”, тое ж з “сынамі”. “Ваў! Гэта супраць усіх тэорый!” – дзівіцца хлопец. Украінскія ўдзельніцы секцыі параілі Крышціяну не арыентавацца адно на расійскую навуку ў вывучэнні гэтага пытання, а звярнуцца да напрацовак украінскіх даследчыкаў.


Таксама аспірант брытанскага Інстытута Сары падзяліўся досведам, як крэатыўна збіраць звесткі падчас палявога даследавання: галоўнае – весяліць інфармантаў. У экспедыцыі Крышціян мае пры сабе некалькі зборнікаў казак і просіць інфарманта пераказаць нейкую з іх, але з гумарам – або расказаць зададзеную простую сітуацыю, але так, каб было весела! Зазвычай людзям гэта падабаецца, смяецца даследчык.
Гістарычную частку секцыі адкрыў гісторык Віктар Кахновіч, які расказаў пра эканамічнае становішча і гістарычную памяць дваранства Піншчыны ў 19 стагоддзі. Дагэтуль прозвішчы шляхты часоў ВКЛ можна сустрэць у Пінскім рэгіёне, адзначыў навуковец. Шляхецкая супольнасць тут сфармавалася ўжо ў 14 стагоддзі, і надалей была практычна закрытай групай, якая на 90% складалася з праваслаўных родаў.

Можа падацца, што праваслаўныя дваране – якраз тая група, на якую абапіраліся ўлады Расійскай імперыі, праводзячы каланіяльную палітыку. Аднак прыклад пінскай шляхты паказвае адваротнае, а менавіта існаванне каланіяльнага рэжыму ў чыстым выглядзе. У 1865 годзе выйшаў закон, які забараніў памешчыкам беларускіх і ўкраінскіх губерняў набываць зямлю, здаваць зямлю ў заклад – “до усиления русских помещиков”. Гэта закранула і ўсіх землеўласнікаў Піншчыны нягледзячы на іх веравызнанне. Дзяржава злоўжывала маніпуляцыямі пры зборы падаткаў, такім чынам падтрымліваючы лаяльных і аслабляючы нелаяльных памешчыкаў.

Цікава, што пад ціскам дзяржавы памешчыкі аказаліся здольныя да салідарнасці, а на наступным этапе зразумелі, што трэба змагацца за культурны ўплыў на сялянства. Выхадцы з Расіі не маглі зразумець іх памкненняў: у нашчадкаў Рэчы Паспалітай і Расійскага царства былі зусім розныя культурныя коды, код пінскага дваранства – поліэтнічнасць.
Гістарычны блок працягнуў даклад культуролага з Брэста Віктара Місіюка. Ён распавёў пра дзейнасць украінскіх сацыялістычных партый Сельсаюз і Сельроб у Палескім ваяводстве. Гэтыя партыі мелі некамуністычны характар (“Мы – антыкамуністычная, але пранацыянальна-бальшавіцкая партыя”, казаў адзін з лідараў Васіль Пархотык), з’яўляліся найбуйнейшай беларуска-ўкраінскай палітычнай сілай у міжваеннай Польшчы, а таксама адзінай сілай, што атрымала досвед мясцовага самакіравання. Характэрна, што пяцёра ўкраінскіх паэтаў Берасцейшчыны былі сябрамі сацыялістычных партый. “Ще нам, браття-сільробівці, усміхнеться доля” – такая пераробка ўкраінскага гімна была папулярная на Берасцейшчыне. У найбольш спрыяльныя часы партыя Сельроб мела 10 тысяч сяброў у Палескім ваяводстве і ля 50 тысяч прыхільнікаў.

Вывучэнне дзейнасці сацыялістычных партый на Берасцейшчыне ў міжваенны час паказвае, што жыхары Палесся зусім не былі пасіўнымі і абыякавымі ў палітыцы, як гэта прынята лічыць.

Працягнуў тэму міжваенных нацыянальных рухаў на Брэстчыне гісторык Алесь Пашкевіч, ён расказаў пра канкурэнцыю ды супрацу беларускага і ўкраінскага рухаў у гэтым рэгіёне са складанай гістарычнай памяццю. Натуральным супернікам для абодвух нацыянальных рухаў тут выступала Польская дзяржава, таму сілы стараліся супрацоўнічаць, хоць і не маглі пазбегнуць разладаў на глебе Берасцейшчыны, адзначыў даследчык.
Тым не менш, перад парламенцкімі выбарамі сілы падзялілі сферы ўплыву: украінцы пайшлі агітаваць на Заходняе Палессе, беларусы – на Піншчыну. Вынікі выбараў раскрылі патэнцыял нацыянальных палітычных сіл, канстатаваў Пашкевіч: берасцейскія ўкраінцы здолелі правесці яркую кампанію у Брэсцкімі і Кобрынскім паветах, а вось беларусам на Піншчыну ўжо не хапіла сіл. Гэты рэгіён застаўся найменш ахоплены хоць-якімі палітычнымі ўплывамі.

На рэгіён, не закрануты нацыянальнымі ідэямі меншых народаў, добра клалася ідэя “вялікай Расіі”. Пра гэту з’яву расказаў берасцеец, аспірант Польскай Акадэміі навук Павел Абламскі.

Найбольш рускую ідэю падтрымлівала інтэлігенцыя, што мела вялікі ўплыў і заставалася на чыноўніцкіх пасадах яшчэ з дарэвалюцыйных часоў (у той час як уплыў польскіх чыноўнікаў быў мінімальны – ніхто з іх не хацеў ехаць на Палессе). Дадатковымі фактарамі на карысць замацавання на Берасцейшчыне расійскай мовы было шырокае ўжыванне яе ў польскай дзяржаўнай прапагандзе, падтрымка не толькі сярод інтэлігенцыі часоў Расійскай імперыі, але і сярод яўрэйскай інтэлігенцыі, а таксама ўжыванне праваслаўнай і пратэстанцкай цэрквамі. У выніку царква па-руску малілася за цара Мікалая ІІ, у Брэсце па дарэвалюцыйных праграмах працавала расійская гімназія, у Пінску выходзіла ўплывовая газета “Под небом Полесья”, а Рускае Нацыянальнае Аб’яднанне агітавала, каб на перапісе людзі запісваліся “рускімі”.

Як і ў сучаснай Беларусі, рускія ў міжваеннай Польшчы не ўспрымалі сябе як меншасць, сцвярджае даследчык. Характэрна, што за перыяд 20-30-х гадоў прыхільнікі расійскай імперыі на Палессі ператварыліся ў прыхільнікаў імперыі бальшавікоў і віталі іх прыход на заходнебеларускія землі ў 1939 годзе.
Прыемнай неспадзеўкай стала далучэнне да “палескай” панэлі даследчыкаў з украінскага Дзяржаўнага навуковага цэнтра абароны культурнай спадчыны ад тэхнагенных катастроф. Мадэратары папрасілі сказаць колькі слоў кіеўскага этнолага Алену Борак, якая раней выступіла з дакладам на секцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Пані Алена распавяла пра экспедыцыі па беларуска-ўкраінскім памежжы, пачынаючы ад Чарнобыльскай зоны і далей на захад. Даследчыца вывучае трансфармацыю традыцыйнага пахавальнага абраду. Напрыклад, куды ставяць шклянку вады і хлеб для душы памерлага; куды выліваюць ваду, якой абмывалі нябожчыка (на вугал – на Лоеўшчыне, у Хойніцкім, Ельскім раёнах, пад дрэва – у Ровенскай, Валынскай абласцях і на Кобрыншчыне Брэсцкай вобласці); ці пакрываюць магілу палатном (у Лунінецкім, Столінскім, Камінь-Кашырскім раёнах); ці ладзяць памінальную вячэру (на Піншчыне, Століншчыне, Іванаўскім і Камінькашырскім раёнах) і іншыя. Даследчыца выявіла, што культурныя асаблівасці на беларуска-ўкраінскім памежжы цягнуцца мерыдыяльна, люстэркава. Наяўнасць дзяржаўнай мяжы пакуль зусім не адбіваецца на традыцыі. У канцы выступу даследчыца падзялілася: “Беларуска-ўкраінскае памежжа – вельмі асаблівы рэгіён. Гэта тэрыторыя гістарычна, геаграфічна, экалагічна магла стварыць умовы для ўтварэння нейкага першаснага этнасу, які пазней расцягнуўся па тэрыторыі…”

У ходзе дыскусіі выявілася балючая праблема па абодва бакі мяжы – знішчэнне традыцыйнай культуры праваслаўнай царквой Маскоўскага патрыярхату: святары забараняюць людзям захоўваць векавыя звычаі, навязваюць новаўвядзенне. Ідзе наступ на традыцыйную культуру! – перажываюць этнолагі і ўсе, хто дбае пра захаванне лакальнай культуры.

Пасяджэнне даследчыкаў Заходняга Палесся, беларуска-ўкраінскага памежжа доўжылася ўвесь дзень – з 10-й гадзіны да 16.30. Вельмі важным стаў міждысцыплінарны характар секцыі: спецыялісты розных галін здолелі падзяліцца сваімі поглядамі на важныя для кожнага праблемы. Прысутнасць даследчыкаў з трох краін дазволіла наладзіць кантакты і, спадзяёмся, далейшую трывалую камунікацыю беларускіх, украінскіх і польскіх цэнтраў па даследаванні нашага памежжа, Палесся – “пярліны паміж дзвюма ракавінкамі”.
Таварыства ўкраінскай літаратуры пры СБП шчыра дзякуе арганізатарам Кангрэсу даследчыкаў Беларусі за цудоўную магчымасць для навуковай камунікацыі і новых знаёмстваў і выдатную арганізацыю ўсяго мерапрыемства!