Дмитро Павличко

павличко
Пераклад Д. Шчарбіны

ДВА КОЛЕРЫ
Паслухаць песню на верш Д.Паўлычкі

Як я малы збіраўся па вясне
У свет пайсці нязнанымі шляхамі,
Аздобіла кашулю маці мне
Чырвонымі і чорнымі шыўкамі.

Два колеры мае са мной заўжды:
Яны на палатне, яны ў душы маёй.
Два колеры мае са мной заўжды:
Чырвоны — то любоў, а чорны — сум з журбой.

Куды б мяне ні кідала жыццё,
Ды я вяртаўся на свае парогі.
Спляліся, як матуліна шыццё,
Уцешныя і смутныя дарогі.

Два колеры мае са мной заўжды:
Яны на палатне, яны ў душы маёй.
Два колеры мае са мной заўжды:
Чырвоны — то любоў, а чорны — сум з журбой.

Павеяла мне ў вочы сівізна,
Ды толькі я адно вязу дахаты —
Той скрутачак старога палатна
І вышыты на ім мой век стракаты.

Два колеры мае са мной заўжды:
Яны на палатне, яны ў душы маёй.
Два колеры мае са мной заўжды:
Чырвоны — то любоў, а чорны — сум з журбой.

 

ТО ЎНУТРАНЫ КЛОПАТ РАСЕІ

Не спяць прэзідэнты шчаслівых краін
Начамі галосяць, шаленцы,
Іх мучыць хандра, надакучлівы сплін —
Пад танкамі гінуць чачэнцы.
Панове, засніце ўжо! То не бяда —
Змыкайце стамлёныя веі.
Струменіцца з гусеніц кроў, як вада? —
То ўнутраны клопат Расеі.

Міністрам шыкоўным на сэрцы цяжэй,
Журбота у іхнім паглядзе,
Бо дзесь там катуюць чачэнскіх людзей,
А панства? — На маскарадзе.
Не плачце! Не трэба! Салодкіх вам він!
Звівайцеся ў танцы, як змеі.
Дзяцей забіваюць і гвалцяць жанчын? —
То ўнутраны клопат Расеі.

Звярнуў да Чачэніі вочы Гасподзь,
Дзе кроў, быццам нафта, агніцца,
Палае, і ўладу ўжо страціла плоць,
І ззяе душа-зараніца!
Але патрыярх, выхавальнік арды,
Што ерась крамлёўскую сее,
Загадвае Богу: “Не глядзі ты туды —
То ўнутраны клопат Расеі”.

Маліцеся шчыра, народы Зямлі,
У сэрцах запальнікі ўзводзьце,
Прасіце прытном, каб прыйшлі маскалі,
Спазнаць вам далі бессмяроцце.
Бо ваша свабода, і мова, і сцяг,
Святое Раство, і надзеі,
І права на мір, на жыццё і свой шлях —
То ўнутраны клопат Расеі!

Leave a Reply