Ф.Клімчук. Старадаўняя пісьменнасць і палескія гаворкі

З алфавітным пісьмом жыхары Палесся, магчыма, пазнаёміліся ў пачатку нашай эры. “Пазнаёміліся” – гэта, відаць, нейкія адзінкі сярод “палешукоў” даведаліся, што алфавітнае пісьмо існуе. Чаму аб гэтым мы можам меркаваць?

Славутаму старажытнагрэчаскаму гісторыку і географу  С т р а б о н у [1],         які нарадзіўся каля 63/64 г. да н.э., а памёр каля 23/24 г. н.э., прастора паміж рэкамі Лабай (Эльбай) і Дняпром, у межах якой знаходзілася Прыпяцкае Палессе, была зямлёй невядомай. Пра рэкі Прыпяць, Заходні Буг, Віслу, Одру ён не гаворыць. Відавочна, гэтыя мясціны не наведвалі ў той час грэкі і рымляне.

Сітуацыя іншага характару адлюстравана ў працах антычнага (старажытнагрэчаскага) вучонага Клаўдзія П т а л е м е я (каля 90—168 гг. н.э.)[2]. Клаўдзій Пталемей у басейнах Дняпра, Заходняй Дзвіны, Віслы з іх прытокамі, г.зн. на тэрыторыі, якая ўключае Палессе, называе шэраг плямёнаў. Адкуль К.Пталемей пра іх ведаў – ён жа асабіста не ездзіў у гэтыя мясціны? Факты гэтыя вучоны браў ад іншых людзей, якія гэты край наведвалі. Такімі людзьмі былі перш за ўсё купцы.

Гандлёвыя шляхі ў далёкім мінулым былі цесна звязаны з рэкамі. Важную ролю адыгрывалі шляхі па рэках, якія (шляхі) злучалі Чорнае мора з Балтыйскім. Спачатку гэта быў шлях: Чорнае мора – Днестр – Заходні Буг – Вісла – Балтыйскае мора. Трохі пазней набыў значэнне шлях: Чорнае мора – Дняпро – Прыпяць – яе прытокі Ясельда і Піна, затым: Мухавец – Заходні Буг – Вісла – Балтыйскае мора; або: Ясельда – прытокі Нёмана – Нёман – Балтыйскае мора. Калі першы шлях закранаў толькі заходнюю ўскраіну Палесся, то другі стаў яго важнай гандлёвай артэрыяй.

Купцы той эпохі ў час гандлёвых экспедыцый карысталіся так званымі дарóжнікамі. Дарóжнікі – гэта перыплы (адз. л. перыпл; карысталіся імі ў час паездак па моры) і перыэгéсы (адз. л. перыэгéса; карысталіся ў час падарожжаў         сухапутнымі шляхамі). У дарóжніку было апісанне пэўнага шляху: звесткі пра плямёны, праз землі якіх праходзіў шлях, інфармацыя пра іншыя аб’екты і інш. Дарожнікі (перыплы і перыэгесы) выкарыстоўвалі вучоныя, у тым ліку К. Пталемей. Звесткі ж у працах К.Пталемея пра плямёны на абшарах усходняй Еўропы – гэта, у сваю чаргу, сведчанне таго, што названы край час ад часу наведвалі антычныя купцы.

Мэтай купцоў з’яўлялася не толькі паназіраць за экзотыкай, а галоўнае, атрымаць пэўную эканамічную выгаду, гандлюючы з мясцовымі жыхарамі. Кантакты з мясцовым насельніцтвам былі абсалютна непазбежнымі. Некаторыя жыхары Палесся ад купцоў, магчыма, пазнаёміліся з алфавітным пісьмом, г. зн. даведаліся, што такое пісьмо існуе.

Але вернемся да праблемы кантактаў.

Прынята лічыць, што ў першыя стагоддзі нашай эры ва ўсходняй частцы Рымскай імперыі пераважала грэчаская мова, хоць ужывалася таксама мова лацінская. Умоўна прымем, што пераважна на гэтых дзвюх мовах гаварылі купцы, якія наведвалі Палессе, на гэтых жа мовах былі пераважна напісаны іх дарожнікі. Таксама аддаём умоўна пэўную перавагу мовы грэчаскай над мовай лацінскай. Але ж грэчаскай і лацінскай моў не ведалі тагачасныя “палешукі”, а купцы не ведалі палескіх гаворак. Як жа пераадолець моўны бар’ер? Купцам нічога не заставалася, як засвоіць славянскую (і іншыя) мову. Славянскай пісьменнасці тады не было. Засвоіць жа ўсе славянскія гаворкі купцы не маглі. Відаць, спачатку яны засвойвалі нейкі мінімум славянскіх слоў, а таксама некаторыя асаблівасці граматычнай і сінтаксічнай структуры славянскіх гаворак. Для пачатку гэтага хапала, каб уступаць у зносіны з жыхарамі розных мясцін Палесся і нават іншых рэгіёнаў Славіі. На Палессі ж відавочна складваліся рэгіянальныя наддыялектныя кайнэ – моўна-дыялектныя сістэмы, якімі карысталіся пры кантактах прадстаўнікі розных роднасных і, відаць, няроднасных дыялектаў і гаворак. Пашырэнне кантактаў спрыяла фарміраванню кайнэ         для вялікіх рэгіёнаў.

Праходзілі стагоддзі. На Палессі трывала ўсталяваўся славянскі моўна-этнічны кампанент.

Можна меркаваць, што паступова склалася кайнэ для Прыпяцкага рэгіёна. Гандаль у гэтых адносінах адыграў істотную ролю. Наддыялектныя кайнэ існавалі і існуюць ва ўсім свеце. На іх аснове часцей за ўсё фарміраваліся кніжна-пісьмовыя мовы. Ёсць падставы меркаваць, што старадаўняе прыпяцкае славянскае кайнэ адыграла значную ролю ў фарміраванні старажытнарускай кніжнай мовы.

Звесткі аб існаванні славянскага (кірылічнага ці глагалічнага) алфавіту, магчыма, з’явіліся на Палессі ў ІХ ст. У той час паўднёва-заходняя Валынь уваходзіла ў склад Вялікамараўскай дзяржаваы, дзе ўжо адбылася хрысціянізацыя, а дзякуючы дзейнасці Кірыла (Канстанціна) і Мефодыя пашырылася славянская пісьменнасць. Каля 860 г.[3] прыняў хрысціянства кіеўскі князь Аскольд. Была створана Руская епархія. Канстанцінопальскі патрыярх Фоцій паслаў на Русь мітрапаліта Міхаіла, шэсць епіскапаў, а таксама прэсвітэраў. Пашырэнне ў першай палове – сярэдзіне ІХ ст. хрысціянства ў рэгіёнах, якія прымыкаюць да Прыпяцкага Палесся з паўднёвага захаду (паўднёва-заходняя Валынь) і паўднёвага ўсходу (Сярэдняе Падняпроўе), пацвярджаецца археалагічнымі матэрыяламі[4].

Каля 988 г. хрысціянства стала афіцыйнай рэлігіяй Кіеўскай Русі[5]. Прышла гэта вера і на Палессе тады ж у апошняй чвэрці Х ст. Тут узніклі парафіі[6], створаны так званыя “малітоўныя дамы”, а затым пабудаваны цэрквы. У час багаслужэння выкарыстоўваліся рэлігійныя кнігі. Багаслужэнне вялося на царкоўнаславянскай і часткова грэчаскай[7] мовах, пропаведзі ж чыталіся на больш зразумелай веруючым моўнай сістэме. Хрысціянізацыя не магла адразу ахапіць усяго насельніцтва. Але для нас гэта не істотна. Важна тое, што пачала бытаваць пісьменнасць, з’явіліся кнігі, пісьменныя людзі. У часы Кіеўскай Русі на Палессі існавала шмат гарадоў. Само існаванне горада ў Сярэднявеччы абумоўлівае наяўнасці ў ім пісьменных людзей.

Пісьмовых помнікаў часоў Кіеўскай Русі, створаных ці бытуючых на Палессі, захавалася нямнога. Найстаражытнейшым з іх з’яўляецца “Тураўскае евангелле” ХІ ст.[8] На Палессі нарадзіўся і жыў славуты пісьменнік Кірыла Тураўскі.[9] Пісаў ён свае творы на царкоўнаславянскай мове. На Тураўшчыне створаны помнік ХІІ—ХІІІ стст. “Сказание о Мартыне Мнихе”[10].

Помнікаў пісьменнасці таго часу ў межах Берасцейска-Пінскага Палесся захавалася зусім нямнога. Таму па магчымасці мы іх пералічым.

Адзін з найбольш ранніх помнікаў пісьменнасці гэтага рэгіёна – абломак амфары з г. Пінска, які датуецца ХІ–ХІІ стст.[11] На ім – фрагмент прадрапанага слова: канцавая літара Д і перад ёю “частачкі” іншых літар.

Надпіс з Пінска [Я]РОПОЛЧє ВNНО на абломку карчагі (карчага – вялікая гліняная пасудзіна з вузкім горлам)[12]. Датыроўка: канец ХІ ст. (калі звязваць надпіс з імем князя Яраполка Ізяславіча) або канец ХІІ ст. (калі надпіс звязаны з імем князя Яраполка Юр’евіча).

Надпис на шыферным “прасліцы” з Пінска НАСТАСНNО ПРАСЛЪНЪ, г.зн. “прасліцы”, якое належала Анастасіі. Датуецца ХІІ ст.[13] “Прасліца” – гэта “грузік”, які надзяваўся на верацяно з мэтай павялічэння хуткасці вярчэння.

Самшытавы грэбень з Берасця з выразаным на ім з абодвух бакоў кірылічным алфавітам.[14] На адным баку літары АБВГДє, на другім – ЖSНІКЛ. Гэта своеасаблівы “буквар”, па якому вучылі грамаце. Датуецца грэбень ХІІ ст.

Каменны абразок ХІІ ст. з Пінска, на якім прачэрчаны літары ІС з цітлай і ХС з цітлай, г.зн. “Ісус Хрыстос”.[15]

Свінцовы абразок з Берасця, на ім манаграма Багародзіцы Мq – qV з тытламі, літара “р” у люстраной перадачы.[16]

Абразок-змеявік канца ХІІІ – пачатку ХІV стст. з Берасця, на ім літара Р у люстраной перадачы[17].

Крыж-энкалпіён з Берасця з надпісамі ІС – ХС (г. зн. Ісус Хрыстос) і ОДУС. Знойдзены ў пласце ХІV ст., зроблены, відаць, у ХІІ ст.[18]

З Дарагічына-над-Бугам надпіс на ручцы нажа – ЕЖЬКОВЪ НОЖЬ, А ИЖЄ И УКРАДЄ[…], ТЪ ПРОКЛЯТЪ Б[…][19]. Датуецца ХІІ ст.

Да серыі пісьмовых помнікаў, якія маюць адносіны да Берасцейска-Пінскага Палесся, належыць аднесці карную грамату князя Мсціслава Данілавіча Берасцейскай зямлі, 1289 г.[20]

У Берасці знойдзены рэчы пісьменнасці: частка цэры (пачатак ХІІІ ст.), пісалы (5 штук)[21]. Цэра – прыстасаванне для пісьма, якое складаецца з двух ці некалькіх змацаваных дошчачак. На ўнутраным баку дошчачкі – паглыбленне, якое пакрывалася воскам. Пісала — таксама прыстасаванне для пісьма. Яно мела выгляд завостранага стрыжня з лапатачкай на канцы. Завостраным канцом пісалі па наваскаванай дошчачцы, плоскай лапатачкай сціралі напісанае, загладжвалі пласт воску, падрыхтоўвалі дошчачку для напісання новага тэксту. Пісалы з Берасця датуюцца: адно – ХІ ст., два – канцом ХІІІ ст., два – канцом ХІІІ – пачаткам ХІV стст.

Па аднаму пісалу знойдзена ў Тураве і Пінску[22].

У Дарагічыне-над-Бугам на свінцовых пломбах старажытнарускага перыяду сустрэта адлюстраванне 23 літар кірылічнага алфавіту, ад 1 да 30 разоў кожная[23].

Польскі храніст В. К а д л у б э к (каля 1160 – 1223 гг.) прыводзіць звесткі пра пінскага летапісца Мітрафана і яго летапіс, напісаны на дошках (летапіс не захаваўся)[24].

Прыведзеныя факты яскрава сведчаць аб тым, што пісьменнасць на Палессі ў эпоху Кіеўскай Русі была прадстаўлена шырока. І ў той жа час беднасць помнікаў тых часоў, якія захаваліся на Палессі, не дае падстаў гаварыць канкрэтна пра структуру кніжнай мовы гэтага рэгіёна.

Дапамагаюць помнікі з іншых мясцін Русі. А іх вельмі багата, высокі іх узровень. Яны добра адлюстроўваюць кніжна-пісьмовую моўную сітуацыю Усходняй Славіі таго часу. Пра гэта і пойдзе гутарка.

У Кіеўскай Русі функцыянавалі дзве кніжныя мовы – царкоўнаславянская і старажытнаруская. Царкоўнаславянская мова адносіцца да паўднёваславянскай падгрупы славянскіх моў.

Старажытнаруская кніжная мова — не “чыстая” ўсходнеславянская мова. Яна складаецца з 2-х кампанентаў – усходнеславянскага і паўднёваславянскага (царкоўнаславянскага). Нас асабліва цікавіць кампанент усходнеславянскі, менавіта: на якія ўсходнеславянскія гаворкі ён арыентыраваўся?

У старажытнарускай кніжнай мове адсутнічаюць многія рысы, якія адрозніваюць сучасныя ўсходнеславянскія мовы – беларускую, украінскую, рускую. У прыватнасці, няма ў ёй беларускага і паўднёварускага áкання і я′кання, беларускага цéкання-дзéкання, украінскага ікавíзму і інш. Ёсць думка, што такіх рыс у часы Кіеўскай Русі наогул не існавала. Але існуе думка і супрацьлеглая.         Мы прытрымліваемся апошняй[25]. Не маглі ж адзначаныя рысы ўзнікнуць трохі пазней амаль імгненна. Іншая справа, што арэалы іх пашырэння маглі істотна адрознівацца ад сучасных. Гаворкі, ў якіх такія рысы адсутнічаюць або яны “аслабленыя”, праяўляюцца непаслядоўна, можна сустрэць на Палессі ды яшчэ на расійскай Поўначы[26]. Безумоўна, што тысячу гадоў назад Палессе яшчэ менш было закранута “беларусізацыяй”, “украінізацыяй”, “расеізацыяй”. Інакш кажучы, на Палессі хутчэй за ўсё панавала ў той час тая архаічная славянская сістэма, якая моцна ўплывала на фарміраванне старажытнарускай кніжнай мовы. Гэта не дзіўна: сталіца Русі – горад Кіеў – знаходзіўся ў межах Палесся, хоць і на яго перыферыі. Нават зараз народныя гаворкі ў наваколлях Кіева адносяцца не да паўднёва-ўсходняга ўкраінскага дыялекту, які лёг у аснову ўкраінскай літаратурнай мовы, а да паўночнаўкраінскага ці палеска-ўкраінскага дыялекту[27]. Тысячу гадоў назад гаворкі цэнтральнай Кіеўшчыны былі яшчэ больш палескімі.

Тыя моўныя рысы, якія з’яўляюцца спецыфічнымі для сучаснай беларускай мовы (магчыма, не ўсе), хутчэй за ўсё існавалі ў часы Кіеўскай Русі. Але арэалы іх пашырэння, відаць, пераважна знаходзіліся ў мясцовасцях, размешчаных на поўнач ад Палесся. Менавіта там ўпершыню яны пачалі адлюстроўвацца ў пісьмовых помніках – маюцца на ўвазе полацкія і смаленскія граматы. Тыповыя рысы ўкраінскай мовы раней за ўсё з’явіліся ў помніках, створаных у дамангольскія часы на паўднёвым захадзе Украіны, г.зн. на поўдзень ад Палесся.

Многа ўсходнеславянскіх помнікаў захавалася з часоў Вялікага княства Літоўскага[28]. Частку іх, у прыватнасці, граматы канцылярыі вялікіх князёў літоўскіх, даследаваў нарвежскі вучоны Х.С.Станг (1935).[29] Сярод гэтых помнікаў ён выдзеліў групу, якую можна ўмоўна назваць п а л е с к а й у шырокім сэнсе. Мове гэтай групы не ўласцівы ні тыповыя беларускія, ні тыповыя ўкраінскія рысы. Яна арыентыравана на сітуацыю ў паўднёвай Беларусі і паўночнай Украіне, інакш, на Палессі ў шырокім сэнсе. Да “палескай” групы помнікаў адносіцца частка грамат вялікіх князёў літоўскіх: Вітаўта Кейстутавіча (1392—1430; 2 граматы з 7), Свідрыгайла Альгердавіча (1430—1432; 5 грамат з 16); Жыгімонта Кейстутавіча (1432—1440; 2 граматы), Казіміра Ягайлавіча (1440—1492; 5 ці 8 грамат з 20), Аляксандра Казіміравіча (1492—1506; чвэрць усіх грамат), Жыгімонта І Старога (1506—1548; чвэрць усіх грамат).

Прыведзены матэрыял дае падставы меркаваць што народныя гаворкі Палесся маглі аказваць пэўны ўплыў на фарміраванне кніжных моў старажытнарускай, старабеларускай, стараукраінскай.

[1] Страбон. География в 17 кн. Перевод с древнегреч. М., 1964. С. 269.

[2] Клавдий Птолемей // Античная география. М., 1953. С. 281—253. Шафарик П.Й. Славянские древности. Т. ІІ, кн. ІІІ. Приложения. Сведения о древних славянах. Перевод с чешского. М., 1848. С. 16—22. Удальцов А.Д. Племена Европейской Скифии ІІ в. н.н. // СЭ, 1946, № 2. С.41—49.

[3] Брайчевский М.Ю. Утверждение христианства на Руси. Киев, 1989. С. 42—84.

[4] Моця А.П. Некоторые сведения о распространении христианства на юге Руси по данням погребального обряда // Обряды и верования древнего населения Украины. Киев, 1990. С. 114 —133.

[5] Існуе думка, што хрысціянства з’яўлялася афіцыйнай рэлігіяй на Русі і раней, у 860—882 гг. (Брайчевский М.Ю. Утверждение христианства… С. 114—133).

[6] Мартос А. Беларусь в исторической и церковной жизни. Буэнос Айрес. Аргентина, 1966. Репринт. Минск, 1990. С. 65-70.

[7] Успенский Б.А. Языковая ситуация Киевской Руси и ее значение для истории русского литературнлгл языка. М., 1983. С. 16—23. Его же. Краткий очерк истории русского литературного языка (ХІ—ХІХ вв.). М., 1994. С. 16—22.

[8] Лысенко П.Ф. Туровская земля ІХ—ХІІІ вв. Минск, 1999. С. 227—228, 232—233.

[9] Лысенко П.Ф. Туровская земля… С. 233—234.

[10] Лысенко П.Ф. Туровская земля… С. 228, 234—235.

[11] Равдина Т.В. Надпись на корчаге из Пинска // Краткие сообщения Института истории материальной культуры. Вып. 70. 1957. С. 150—153.

[12] Равдина Т.В. Надпись на корчаге… С. 150—153. П.Ф.Лысенко. Туровская земля… С. 228.

[13] Лысенко П.Ф. Шиферное пряслице с надписью из Пинска //             СА, 1966, № 3. С. 248—251.

[14] Лысенко П.Ф. Берестье. Минск: Наука и техника, 1985. С. 391—392.

[15] Очерки по археологии Белоруссии. Часть ІІ. Минск, 1972. С. 184.

[16] Лысенко П.Ф. Берестье… С. 266—267.

[17] Лысенко П.Ф. Берестье… С. 267—268.

[18] Лысенко П.Ф.Берестье… С. 266.

[19] HawrylukJ. Z dziejów cerkwi prawosławnej na Podlasiu w X—XVII wieku. Bielsk Podlaski, 1993. S. 72.

[20] Бобровский П.О. Гродненская губерния // Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба. Ч. ІІ. СПб, 1863. С. 818.

[21] П.Ф Лысенко. Берестье… С. 390—391.

[22] Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 501.

[23] Н.П.Авенариус. Дрогичин Надбужский и его древности // Материалы по археологии России, издаваемые императорской археологической комиссией. № 4. Древности северо-западного края. СПб. 1890. С. 13—14.

[24] Воспоминание о древнем православии Западной Руси. М., 1867. С. 15. Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego i innych krajów, t. 8, 1888. S. 484.

[25]Клімчук Ф.Д. Старажытнаруская кніжная мова і гаворкі Палесся. // Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. Ч. 1. Мазыр, 1996. С. 53. Яго ж. Некоторые особенности письменной традиции Полесья // WortschatzeseuropäischerRegional- undMinderheitensprachen [ZeigstellefürNiedersorbischeForschungendesSorbischenInstitut]. Hrsg. von Gunter Spieß. Tübingen: Narr, 1999. C . 83—94.

[26]Клімчук Ф.Д. Диалектные типы Полесья на общеславянском фоне // Славянские этюды. Сборник к юбилею С.М.Толстой. М., 1999. С. 214—227.

[27] С.П.Бевзенко. Українська діалектологія. Київ: Вища школа. 1980. С. 8, 204, 234.

[28]Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 1. Мінск, 1982. С. 45—49. Словник староукраїнської мови ХІV—ХV ст. Т. І. Київ, 1977. С. 24—56. Грамоти ХІV ст. Київ, 1974. С. 23—24. Міралюбаў Б.В. Пінская грамата // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі, № 4, 1975. С. 40—41.

[29] Chr.S.Stang. Die westrussische Kancleisprache des Groβfürstentums Litauen. Oslo, 1935. KuraszkiewiczW. Ruthenica. Warszawa. 1985. S. 271—292.

Leave a Reply