Ф.Клімчук. Моўная сітуацыя ў Берасцейска-Пінскім Палессі ў ХІХ—ХХ стст.

У артыкуле разглядаюцца змены моўнай сітуацыі ў адным палескім рэгіёне — Берасцейска-Пінскім Палессі — у ХІХ—ХХ стст. За аснову ўзяты дадзеныя перапісаў насельніцтва[1]. Выкарыстаны таксама дадатковыя статыстычныя звесткі[2] і іншыя крыніцы. Сярод апошніх – у першую чаргу палявыя матэрыялы, сабраныя аўтарам пачынаючы ад канца 1940-х—1990-я гады. Акрамя асабістых назіранняў аўтара, яны ўключаюць звесткі, атрыманыя ад старажылаў Берасцейска-Пінскага Палесся, якія нарадзіліся ў 1870—1890-я гады і пазней. Некаторыя каштоўныя звесткі атрыманы ад М.І.Аляксеюка, былога старшага навуковага супрацоўніка Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, і Б.В.Міралюбава, былога старшага навуковага супрацоўніка Пінскага краязнаўчага музея.

Статыстычныя дадзеныя будзем прыводзіць па тых адміністрацыйных адзінках, у склад якіх уваходзіла Берасцейска-Пінскае Палессе. У ХІХ – пачатку ХХ стст. — гэта Брэст-Літоўскі, Кобрынскі і Пружанскі паветы Гродзенскай губерні і Пінскі павет Мінскай губерні, у 20—30-я гады ХХ ст. – Палескае ваяводства з цэнтрам у Брэсце, у пасляваенны час – Брэсцкая вобласць.

Дыялектны ландшафт Берасцейска-Пінскага Палесся складаны[3]. Мы будзем разглядаць народныя гаворкі акрэсленага рэгіёна як адзінае цэлае. Умоўна назавем іх “палескімі” гаворкамі, хоць частка іх, бясспрэчна, адносіцца да непалескіх групаў. Дыферэнцыяцыі гэтых гаворак прысвечаны іншыя працы аўтара.[4] Карэннае мясцовае насельніцтва рэгіёна будзем умоўна называць “берасцянамі” па старадаўняй назве горада Брэста – Бe’рестье[5] і яго сучаснай мясцовай назве – Бэ’рэсть. Да “берасцян” будзем умоўна адносіць таксама непалескія этнічныя групы сучаснай Брэсцкай вобласці і іншых адміністрацыйных адзінак, у склад якіх уваходзіў разгляданы рэгіён.

У мінулым у рэгіёне пераважаў такі характар міждыялектнай і міжмоўнай сітуацыі: кожны субяседнік звычайна гаварыў на сваёй “палескай” гаворцы, некаторыя на рускай або польскай мове – і адзін аднаго разумелі.

Дадзеныя перапісаў насельніцтва несупастаўляльныя, паколькі ў іх аснову пакладзены розныя крытэрыі. У сувязі з гэтым яны намі перагледжаны з улікам іх спецыфікі і сабраных дадатковых матэрыялаў.

Пералік колькасці насельніцтва, якое адносім да пэўных этнасаў, праведзены наступным чынам[6].

Адносім да «берасцян»:

1857 г.: асоб, запісаных маларусамі, беларусамі, велікарусамі (амаль поўнасцю), яцвягамі, бужанамі, палякамі (акрамя польскамоўнага насельніцтва; гл. ніжэй рубрыку “Адносім да палякаў”).

1897 г.: праваслаўных і католікаў маларусаў і беларусаў, праваслаўных палякаў, каля 20 % праваслаўных велікарусаў.

1921 г.: праваслаўных беларусаў, русінаў, палякаў, “тутэйшых”, усіх грэка-католікаў, адну чвэрць гарадскіх расіян, 25 тыс. рымска-католікаў (прыблізна такая колькасць беларусаў-католікаў і маларусаў-католікаў зарэгістравана на разгляданай тэрыторыі ў 1897 г.), частку іншых хрысціян.

1931 г.: праваслаўных беларусаў, украінцаў, “тутэйшых”, іншых хрысціян, якія зарэгістраваны “тутэйшымі”, беларусамі і украінцамі, тры чвэрці сельскіх і дзве трэці гарадскіх расіян, 25 тыс. рымска-католікаў.

1959, 1970, 1989 гг.: асоб, зарэгістраваных беларусамі.

Адносім да рускіх:

1857 г.: дзве трэці прадстаўнікоў ваенных саслоўяў і яшчэ 0,2 % усяго насельніцтва (такі ў 1860 г. працэнт праваслаўных велікарусаў у Віцебскай губерні – гэта выхадцы з Расіі).

1897 г.: каля 80 % праваслаўных велікарусаў, усе стараверы.

1921 г.: усе сельскія і тры чвэрці гарадскіх расіян.

1931 г.: адну чвэрць сельскіх і адну трэць гарадскіх расіян.

1959, 1970, 1989 гг.: асоб, зарэгістраваных рускімі.

Адносім да палякаў:

1857 г. у валасцях Брэст-Літоўскага, Кобрынскага і Пружанскага паветаў польскамоўнае насельніцтва па П.В.Баброўскаму, у валасцях Пінскага павета 2 % усяго насельніцтва, у гарадах Берасці, Пінску, Кобрыне – 90 % усіх католікаў, у Пружанах – 50 % католікаў (улічваем дадзеныя перапісу 1897 г.).

1897 г.: палякаў католікаў і евангелістаў, 20 % велікарусаў-католікаў.

1921, 1931 гг.: палякаў-католікаў без 25 тыс. носьбітаў палескіх гаворак, частку евангелістаў.

1959, 1970, 1989 гг.: асоб, зарэгістраваных палякамі.

Адносім да яўрэяў:

1857, 1897, 1921, 1931 гг.: асоб іудзейскага веравызнання.

1959, 1970, 1989 гг.: асоб, зарэгістраваных яўрэямі.

Адносім да галандцаў

асноўную частку жыхароў населеных пунктаў (калоній) Нейброў і Нейдорф Берасцейскага павета, заснаваных у ХVІІІ ст.[7] У 1897 г. іх жыхары зарэгістраваны як маларусы лютэранскага веравызнання. Апошняе, відаць, сведчыць аб тым, што адзначаная этнічная група перайшла на мясцовую заходнепалескую гаворку (у аснову перапісу 1897 г. пакладзена моўная прыналежнасць). У 1940 г. пераселены ў Заходнюю Еўропу.

Дадзеныя пра цыган ва ўсіх перапісаў і вылічэннях няпоўныя. Іх колькасць вызначаецца намі вельмі прыблізна.

Зыходзячы з адзначаных палажэнняў, этнічны склад насельніцтва разглядаемага рэгіёна прадстаўляецца наступным чынам. (гл. табліцы № 1, 1а).

Асноўнай і пераважаючай этнічнай групай у разглядаемы перыяд з’яўляліся “берасцяне“. Яны пераважалі сярод насельніцтва рэгіёна і ў цэлым (найбольш нізкі працэнт у 1897 г. — 76 %, найбольш высокі — у 1970 г. — 89 %), і сярод сельскага насельніцтва (найбольш нізкі працэнт у 1897 г. — 84 %, найбольш высокі — у 1970 г. — 95 %). Сярод гарадскога насельніцтва сітуацыя іншая. У ХІХ – пачатку ХХ стст. яны складалі 1/5—1/7 усяго насельніцтва гарадоў. У 20—30-я гады працэнт іх некалькі павышаецца, дасягаючы 1/4—1/3 насельніцтва. Сітуацыя мяняецца пасля Вялікай Айчыннай вайны. Сярод гарадскога насельніцтва рэгіёна “берасцяне” сталі пераважаць. Іх працэнт павялічваецца ад 64 % у 1959 г. да 76 % ў 1989 г. Звязана гэта ў першую чаргу з прылівам насельніцтва ў гарады і гарадскія пасёлкі з вёсак. Дарэчы, ўсходнеславянскае насельніцтва пераважала ў гарадах Берасцейска-Пінскага Палесся і ў сярэднявеччы, прыкладна да сярэдзіны – другой паловы ХУІІ ст.[8]

Рускія складалі і складаюць параўнальна невялікі працэнт насельніцтва ў цэлым па рэгіёну (3,5—3,6 % ў ХІХ – пачатку ХХ ст., 0,4 % ў 20—30-я гады ХХ ст., 7—10 % пасля вайны) і сярод сельскага насельніцтва (ад 2,6 % ў 1857 г. да 3,2 % у 1989 г., з паніжэннем да 0,2—0,3 % у 1920-30-я гады). У гарадах у ХІХ – пачатку ХХ стст. рускія складалі 11—12 %, у 20—30-я гады ХХ ст. – 1—2 %. Найбольш высокі працэнт рускіх (24 %) у гарадах адзначаны ў 1959 г. У далейшым гэты працэнт зніжаецца да 20 % у 1970 г. і 15 % у 1989 г.

Палякі ў цэлым па рэгіёну, калі выключыць час яго ўваходжання ў 20—30-я гады ХХ ст. у склад Польшчы, складалі 2,2—3,5 % насельніцтва, у 1921 г. — 5 %, у 1931 г. – 9 %. Сярод сельскага насельніцтва палякі складалі 2—3,5 % насельніцтва, у 1931 г. 7 %. У гарадах працэнт палякаў істотна мяняўся: ад 11 % у 1957 г. ён панізіўся да 6 % у 1897 г., затым павысіўся да 14 % у 1921 г. і да 25 % у 1939 г. У пасляваенныя гады паніжаўся ад 3,6 % у 1959 г. да 2,2 % у 1989 г.

Яўрэі найбольш высокі працэнт у рэгіёне складалі ў 1897 г. – 17 %, амаль пятую частку насельніцтва. Раней працэнт яўрэяў быў ніжэйшы: 11 % у 1857 г., 5 % у 1790 г.[9] У мінулыя стагоддзі працэнт яўрэяў быў параўнальна невялікі. Так, у Берасці у 1566 г. яны складалі 10,4 %, у Кобрыне ў 1563 г. – 8,4 %, у Пружанах у 1563 г. – 4,3 %, у Пінску ў 1553—1555 г. – 5,0 %.[10] У ХХ ст. працэнт яўрэяў зноў паніжаўся: 13 % у 1921 г., 10 % у 1931. Гэта ў значнай меры звязана з міграцыямі яўрэяў у першай палове ХХ ст. з Берасцейска-Пінскага Палесся ў іншыя краіны. У ХІХ жа стагоддзі меў месца прыліў яўрэйскага насельніцтва ў разглядаемы намі рэгіён. Сярод гарадскога насельніцтва да вайны яўрэі з’яўляліся найбольш шматлікай групай. Спачатку адбывалася павелічэнне іх працэнта ад 57 % у 1857 г. да 68 % у 1897 г., затым яго паніжэнне да 53 % у 1921 г. і 49 % у 1931 г. Сярод сельскага насельніцтва яўрэі складалі   ў 1957 г. каля 6 %, у 1897 г. звыш 10 %, у 20—30-я гады ХХ ст. звыш 4 %. У пасляваенныя гады працэнт яўрэяў у рэгіёне складаў: 1959 г. – 0,5 %, 1970 г. – 0,4 %, 1989 г. – 0,2 %

Галандцы канцэнтраваліся ў дзвюх вёсках-калоніях на поўдзень ад Берасця (недалёка ад Дамачава). Напрыканцы ХІХ ст. у адносінах мовы гэта, відаць, была асіміляваная мясцовым насельніцтвам этнічная група.

Моўная сітуацыя ў Берасцейска-Пінскім Палессі ў разглядаемы час характарызуецца пэўнай спецыфікай

Найбольш пашыраным сродкам моўных зносін у рэгіёне з’яўляліся мясцовыя “палескія” гаворкі. Слова “палескія” бяром у кавычкі, таму што гэты тэрмін умоўна ўжываем у значэнні ’мясцовыя народныя гаворкі рэгіёна наогул’.

Гаворачы пра моўныя сістэмы, адрозніваем наступныя варыянты іх ужывання: 1 – моўна-дыялектная сістэма з’яўляецца адзіным сродкам зносін, 2 – яна з’яўляецца асноўным сродкам зносін, 3 – гэтая сістэма — не асноўны сродак зносін.

“Палескія” гаворкі як адзіны або асноўны моўны сродак зносін да нядаўняга часу з’яўляўся пераважаючым у цэлым па рэгіёне, а сярод сельскага насельніцтва такімі яны застаюцца і зараз. Працэнт асоб, для якіх “палескія” гаворкі з’яўляліся адзіным або асноўным сродкам моўных зносін, у цэлым па рэгіёну складаў ад 81 % у 1857 г. да 75 % у 1970 г. К 1989 г. гэты працэнт панізіўся да 49 %. Працэнт валодаючых “палескімі” гаворкамі ў цэлым па рэгіёну складаў ад 95 % у 1857 г. да 80 % у 1970 г., у 1989 г. ён склаў 70 %.

Сярод сельскага насельніцтва працэнт асоб, для якіх “палескія” гаворкі з’яўляліся адзіным або асноўным сродкам зносін, быў самы высокі ў 1970 (94 %), 1959 (93 %) 1921 (92 %) і 1857 (89 %) гг. Самы нізкі працэнт – у 1989 (80 %) і 1897 (84 %) гг. Працэнт валодаючых “палескімі” гаворкамі сярод сельскага насельніцтва быў самы высокі ў 1921 г. (97 %), самы нізкі — у 1989 г. (90 %).

Сярод гарадскіх жыхароў раёна працэнт асоб, для якіх “палескія” гаворкі з’яўляліся адзіным ці асноўным сродкам моўных зносіх, складаў: у 1857 г. – 17 %, у 1897 г. ён зніжаецца да 8 %, у 1921 г. павышаецца да 23 %, у 1931 г. зніжаецца да 15 %, у 1959, 1970 гг. складае 40—43 % (найбольш высокі працэнт), у 1989 г. зніжаецца да 25 %.

Працэнт валодаючых “палескімі” гаворкамі сярод гарадскога насельніцтва рэгіёна да Вялікай Айчыннай вайны быў намнога вышэйшы, чым працэнт “берасцян”. Ён складаў ад 78 % у 1857 г. да 76 % у 1921 г., у 1931 г. ён панізіўся да 64 %. У пасляваенныя гады валодаючыя палескімі гаворкамі складаюць каля паловы гарадскога насельніцтва рэгіёна: у 1959 г. 49 %, у 1970 г. 51 %, у 1989 г. 54 %.

Якія этнасы ў разгладаемым рэгіёне валодалі і валодаюць “палескімі” гаворкамі?

Перш за ўсё гэта карэннае ўсходнеславянскае насельніцтва рэгіёна – “берасцяне”. У гарадах пэўная колькасць “берасцян”, відаць, не валодала “палескімі” гаворкамі яшчэ ў ХУІІІ ст. Хутчэй за ўсё тады існавалі невялікія польскамоўныя заходнепалескія групы. К канцу ХІХ ст. у Пінску і Берасці (без прадмесцяў) прыкладна 1/3 – 1/2 “берасцян” з’яўляліся рускамоўнымі. Пераважна рускамоўным заставалася гэтае насельніцтва і ў 20-30-я гады ХХ ст., калі рэгіён уваходзіў у склад Польшчы. Пазней працэнт рускамоўных гарадскіх “берасцян” увесь час павялічваўся. Адпаведна павялічваўся працэнт “берасцян”, якія не валодалі “палескімі” гаворкамі.

Які працэнт “берасцян” валодае мясцовымі гаворкамі ў наш час? Наконт гэтага прытрымліваемся наступнага крытэрыю. Паводле пасляваенных перапісаў, беларусы Брэсцкай вобласці па мове падзяляюцца на тры групы: 1-я група – гэта тыя, якія лічаць беларускую мову роднай. Паводле нашых назіранняў, толькі прадстаўнікі зазначанай групы валодаюць традыцыйнымі мясцовымі гаворкамі. У той жа час звыш палавіны прадстаўнікой гэтай групы сярод гарадскога насельніцтва карыстаюцца “палескімі” гаворкамі рэдка. Прадстаўнікі 2-й групы лічаць роднай мовай рускую, а другой мовай – беларускую. Згодна з нашымі назіраннямі, беларускай мовай яны авалодалі ў школе, а народнымі гаворкамі яны звычайна не валодаюць. Прадстаўнікі 3-й групы валодаюць толькі рускай мовай.

Такім чынам, працэнт асоб, якія валодаюць мясцовымі гаворкамі, мы ўмоўна атаясамліваем з працэнтам асоб, родная мова якіх, паводле перапісу, беларуская. Для 1989 г. гэта наступныя лічбы: сярод усяго насельніцтва Брэсцкай вобласці – 69 %, сярод гарадскога – 53 %, сярод сельскага – 90 %. Такі працэнт па асобных гарадах і гарадскіх пасёлках паказаны на табліцы № 4.

Акрамя “берасцян” “палескімі” гаворкамі валодалі і валодаюць прадстаўнікі іншых этнасаў.

Да Другой сусветнай вайны гэта было перш за ўсё шматлікае яўрэйскае насельніцтва. Яўрэі валодалі “палескімі” гаворкамі амаль усе. Выключэнне складалі прыезжыя, частка дзяцей, некаторыя іншыя групы. У гарадах працэнт яўрэяў, якія валодалі “палескімі” моўнымі сістэмамі, быў некалькі ніжэйшы, чым у мястэчках і асабліва ў вёсках. Нярэдка яўрэі (перш за ўсё гарадскія) валодалі больш чым адной палескай дыялектнай сістэмай. Так, многія яўрэі г. Пінска, акрамя загародскага дыялекту, валодалі яшчэ дыялектам паўночнабрэсцкім. Нешматлікае сучаснае яўрэйскае насельніцтва, якое жыве на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, — гэта перважна пасляваенныя выхадцы з іншых рэгіёнаў і іх нашчадкі. Яны ў асноўным рускамоўныя, “палескімі” гаворкамі не валодаюць.

Валодалі і валодаюць “палескімі” гаворкамі амаль усе мясцовыя цыганы. Відаць, амаль поўнасцю яшчэ к канцу ХІХ ст перайшлі на мясцовую “палескую” гаворку галандцы, якія жылі ў вёсках-калоніях Нейброў і Нейдорф.

Валодалі мясцовымі “палескімі” гаворкамі многія старажылы-палякі не менш адной трэці іх агульнай колькасці. З сялянамі гаварылі “па-мужыцку” многія палякі-дваране, уладальнікі маёнткаў. У прыватнасці, гаварылі з сялянамі на “палескіх” гаворках Выславухі, што жылі на Драгічыншчыне, Радзівілы, уладальнікі маёнткаў на Століншчыне.

Сярод прадстаўнікоў іншых этнічных груп таксама сустракаліся людзі, якія валодалі “палескімі” гаворкамі. Але іх было мала. Прывяду адзін прыклад. У 1930-я гады настаўнік у маёй роднай вёсцы Сіманавічы Юліус Вікенхаузер, паляк нямецкага паходжання, авалодаў мясцовай гаворкай, але гаварыў з акцэнтам.

Той факт, што “палескімі” гаворкамі валодала вялікая колькасць прадстаўнікоў не палескіх этнасаў, на нашу думку, з’яўлялася, хоць і дэфармаваным, але ўсё ж працягам традыцый іх прэстыжнасці ў мінулым, у часы Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага.

Відаць, апошнім усплёскам такой прэстыжнасці і шырокага моўнага поля “палескай” дыялектнай сістэмы быў наступны факт. У пасляваенны час у Берасцейска-Пінскі рэгіён прыехала нямала выхадцаў з усходняй Беларусі і Расіі. Гэта былі пераважна прадстаўнікі інтэлігенцыі. У вёсках, як правіла, іх дзеці гаварылі на “палескіх” гаворках, нават са сваімі бацькамі-ўсходнікамі.

 

Руская мова пачала ўжывацца ў Берасцейска-Пінскім Палессі ў канцы ХУІІІ ст., калі гэты рэгіён увайшоў у склад Расіі.

Працэнт валодаючых рускай мовай мяняўся тут наступным чынам.

Па рэгіёну ў цэлым: 1857 г. – 7 %, 1897 г. – 13 %, 1921 г. – 22 %. 1931 г. – 17 %, 1959 г. – 52 %, 1970 г. – 61 %, 1989 г. — 79 %.

Сярод гарадскога насельніцтва гэты працэнт паступова павышаўся ад 28 % у 1857 г. да 90 % у 1989 г., пры некаторым паніжэнні (44 %) у 1931 г.

Сярод сельскага насельніцтва таксама адбывалася павышэнне працэнта валодаючых рускай мовай ад 4 % у 1857 г. да 62 % у 1989 г. (зноў жа з некаторым паніжэннем, да 13 %, у 1931 г.).

Якія суадносіны валодаючых “палескімі” гаворкамі і рускай мовай?

У цэлым па рэгіёну да 1970-х гадоў пераважаў працэнт валодаючых “палескімі” гаворкамі: у 1970 г. “палескімі” гаворкамі валодалі 80 % усяго насельніцтва, рускай мовай – 61 %. Потым сітуацыя істотна змянілася. У 1979 г. валодаючыя “палескімі” гаворкамі складалі 75 %, валодаючыя рускай мовай – 76 %. У 1989 г. “палескімі” гаворкамі валодалі 69 %, рускай мовай 77 % усяго насельніцтва.

У вёсках і цяпер пераважае працэнт валодаючых “палескімі” гаворкамі: у 1989 г. “палескімі” гаворкамі валодалі 90 %, рускай мовай – 62 % сельскіх жыхароў рэгіёна.

Сярод гарадскога насельніцтва сітуацыя істотна адрозніваецца: у 1959 г. “палескімі” гаворкамі валодала 49 % насельніцтва, рускай мовай – 84 %, у 1970 г. адпаведна 51 % і 84 %, у 1989 г. 54 % і 90 %.

Спецыфічная сітуацыя ў рэгіёне з беларускай літаратурнай мовай. Узровень яе вывучэння ў школах у цэлым нельга назваць нездавальняючым. Але за межамі школы ва ўсялякіх установах яна, за невялікімі выключэннямі, не ўжывалася. Таму валоданне ёю ў паўднёвых раёнах Брэстчыны звычайна пасіўнае.

Сітуацыя валодання польскай мовай мянялася ў рэгіёне.

У 1857 г. працэнт валодаючых польскай мовай па рэгіёну ў цэлым складаў 9 %, сярод гарадскога насельніцтва 31 %, сярод сельскага — 6 %. К 1897 г. гэты працэнт панізіўся адпаведна да 4 % (усё насельніцтва), 10 % (гарадское насельніцтва), 3,5 % (сельскае насельніцтва).

Некалькі павысіўся гэты працэнт к 1921 г.: 7 % — 19 % — 4 %.

Найбольш высокі працэнт валодаючых польскай мовай у рэгіёне адносіцца да 1931 г.: 33 % у цэлым па рэгіёну, 80 % сярод гарадскога насельніцтва, 26 % сярод сельскага насельніцтва.

Пасля вайны захоўваецца параўнальна высокі працэнт асоб, валодаючых польскай мовай.

1959 г. 27 % (усё насельніцтва) — 22 % (гарадское насельніцтва) — 29 % (сельскае насельніцтва); 1970 г.: 27 % — 23 % — 30 %.

Але гэта было пасіўнае валоданне. Валодалі польскай мовай, але амаль не карысталіся, людзі, якія скончылі да вайны польскую школу ці самастойна гэтай мовай авалодалі.

К 1989 г. працэнт валодаючых польскай мовай знізіўся да 7 % па рэгіёну, 4 % у гарадах, 10 % сярод сельскага насельніцтва.

Функцыянавалі ў рэгіёне і іншыя мовы.

Яўрэі амаль усе валодалі і карысталіся мовай ідзіш. Сярод прадстаўнікоў іншых этнасаў гэтай мовай валодалі адзінкі.

Своеасаблівым феноменам з’яўлялася мова іўрыт. Яўрэйская моладзь у 20-30-я гады   пачала яе адраджаць. У час перапісу 1931 г. 7,8 % яўрэяў Польшчы назвалі іўрыт роднай мовай. Найбольш высокі гэты працэнт у ваяводствах Кракаўскім (17,4 %), Валынскім (15,1 %), Палескім (14,4 %), Віленскім (14,4 %). Беластоцкім (11,5 %), Навагрудскім (8,7 %). У Палескім ваяводстве гэты працэнт найбольш высокі ў гарадах Столінскага павета (31,4 %), Пружанскага павета (23,7 %), г. Кобрыне (22,5 %), г. Пінску (20,1 %).

“Берасцяне” кантактавалі з прадстаўнікамі іншых народаў: на заробках у Амерыцы, на прымусовых работах у гады першай і другой сусветных войн у Германіі, у партызанскіх атрадах і інш. Таму сярод “берасцян” можна было зрэдку сустрэць валодаючых мовамі англійскай, нямецкай, іспанскай, партугальскай, нават індзейскай мовай гуарані (адна з дзяржаўных моў краіны Парагвай).

Паводле звестак Б.В.Міралюбава, сярод яўрэяў Пінска можна было зрэдку сустрэць валодаючых мовамі англійскай, нямецкай, украінскай.

Своеасаблівым феноменам з’яўлялася тайная лабарская мова, якой, акрамя “палескай” гаворкі, карысталіся жыхары Янава.

Калі абодва субяседнікі гавораць помалу, г.зн. ’павольна’, дык “берасцяне” часам маглі гутарыць з чэхамі і сербамі.

Пануе такое ўяўленне, што ў мінулым на вёсцы панавала суцэльная непісьменнасць. Гэта не зусім так. Старажылы паведамлялі, што ў мінулыя часы ў многіх вёсках можна было сустрэць людзей, якія ведалі пісьменнасць ці хаця б умелі чытаць. Вучыліся яны гэтаму або пры царквах, або ў войску. Потым старэйшыя вучылі маладзейшых, хто меў ахвоту[11]. Пры царквах вучыліся “па-славянскаму”, г.зн. па-царкоўнаславянску[12], і “па старадаўняму рускаму”. Пад “старадаўнім рускім” меліся на ўвазе тыя кніжныя моўныя сістэмы, якія ў навуковай літаратуры называюцца “старабеларуская мова”, “стараўкраінская мова”, “заходнеруская мова”. У другой палове ХІХ ст. у школах вывучалася царкоўнаславянская мова. Пры гэтым, нормай з’яўлялася вялікарускае вымаўленне. У даўніну у разглядаемым рэгіёне пры чытанні тэкстаў на царкоўнаславянскай і “старадаўняй кніжнай рускай” мовах у кожнай мясцовасці арыентаваліся на сваю мясцовую гаворку.

Т а б л і ц а № 1

Этнічны склад насельніцтва (усё насельніцтва): % да агульнай колькасці жыхароў

Год берасцяне рускія палякі яўрэі
1857 81,5 3,6 2,8 11,3
1897 75,6 3,5 2,6 17,3
1921 81,5 0,4 5,0 12,6
1931 80,1 0,4 9,0 10,1
1959 86,1 7,4 3,5 0,5
1970 88,6 8,2 2,5 0,4
1989 82,8 10,1 2,2 0,2

 

Т а б л і ц а № 1а

Этнічны склад насельніцтва (гарадское і сельскае насельніцтва):

працэнт да агульнай колькасці жыхароў

Год Гарадское насельніцтва

 

Сельскае насельніцтва

 

  берасцяне рускія палякі яўрэі берасцяне рускія палякі яўрэі
1857 18,7 12,1 10,8 57,0 89,1 2,6 1,8 5,8
1897 13,4 10,5 6,4 67,9 84,1 2,6 2,1 10,4
1921 31,6 1,2 13,8 53,2 91,8 0,3 0,2 4,2
1931 23,8 1,8 25,1 49,1 88,6 0,2 6,6 4,2
1959 64,1 24,3 3,6 2,0 92,9 2,1 3,5 0,03
1970 70,2 20,1 2,9 1,1 94,6 1,9 2,3 0,02
1989 76,2 15,3 2,2 0,4 91,3 3,2 2,1 0,01

 

Стар. 13

 

Т а б л і ц а № 2

Валодаюць моўнымі сістэмамі: працэнт да ўсяго насельніцтва

Год усё насельніцтва

 

гарадское   насельніцтва

 

сельскае насельніцтва

 

Год пале

скія гаворкі

рус

кая мова

поль

ская мова

пале

скія гаворкі

рус

кая мова

поль

ская мова

пале

скія гаворкі

рус

кая мова

поль

ская мова

1857 94,6 6,8 9,0 78,4 27,9 31,2 96,5 4,3 6,3
1897 92,1 12,8 4,3 71,4 53,5 10,0 95,0 7,2 3,5
1921 93,6 22,4 6,6 76,2 58,4 18,5 97,2 15,0 4,2
1931 89,8 17,3 33,2 63,5 43,6 79,9 93,7 13,3 26,2
1959 82,9 51,8 27,2 48,5 84,0 21,7 93,7 41,7 28,9
1970 80,2 60,6 27,1 50,6 84,4 22,7 96,0 47,8 29,5
1989 69,3 78,6 6,8 53,5 90,9 4,2 89,9 62,3 9,7

 

 

Т а б л і ц а   № 3

Валодаюць палескімі гаворкамі: працэнт да ўсяго насельніцтва

Год Усё насельніцтва

 

Гарадское насельніцтва

 

Сельскае насельніцтва

 

  Асноўны сродак зносін Усяго валода

юць

Асноўны сродак зносін Усяго валода

юць

Асноўны сродак зносін Усяго валода

юць

1857 81,4 94,6 16,6 78,4 89,1 96,5
1897 75,1 92,1 7,7 71,4 84,3 95,0
1921 79,8 93,6 22,9 76,2 91,5 97,2
1931 78,8 89,8 15,2 63,5 88,4 93,7
1959 80,8 82,9 43,4 48,5 92,5 93,7
1970 75,2 80,2 40,2 50,6 93,9 96,0
1989 48,9 69,3 25,0 53,5 80,1 89,9

Стар. 14

 

Т а б л і ц а № 4

1989 г. Працэнт беларусаў і носьбітаў мясцовых гаворак                         у адносінах да ўсяго насельніцтва гарадоў і гарадскіх пасёлкаў

гарады

і

гарадскія пасёлкі

працэнт бела-

русаў

працэнт асоб з роднай мовай беларускай (гэта – носьбіты гаворак) гарады

і

гарадскія пасёлкі

працэнт бела-

русаў

працэнт асоб з роднай мовай беларускай (гэта – носьбіты гаворак)
Косава (Івацэвіцкі раён) 90,2    93,2 Лунінец 86,2    68,7
Давыд-Гарадок (Столінскі раён) 93,7    91,1 Ружаны (Пружанскі раён) 68,0    67,6
Шарашова (Пружанскі раён) 81,6    89,1 Белаазёрск (Бярозаўскі раён) 81,6    66,4
Ляхавічы 79,2    88,4 Баранавічы 72,9    61,0
Гарадзішча   (Баранавіцкі раён) 83,7    88,3 Пружаны 74,2    57,5
Лагішын (Пінскі раён) 59,1    88,2 Бяроза 79,0    57,2
Столін 91,1    86,2 Камянец 84,7    56,9
Целяханы (Івацэвіцкі раён) 90,9    82,4 Антопаль (Драгічынскі раён) 89,1    53,3
Рэчыца (Столінскі раён) 89,6    81,7 Жабінка 84,7    52,7
Ганцавічы 81,4    79,6 Высокае (Камянецкі раён) 83,2    50,7
Драгічын 92,6    78,0 Кобрын 77,9    50,4
Іванава (Янаў) 92,2    75,2 Пінск 80,0    48,7
Мікашэвічы (Лунінецкі раён) 86,1    74,2 Дамачава (Брэсцкі раён) 75,5    44,2
Івацэвічы 86,8    72,0 Б р э с т 69,1    35,4
Маларыта 80,3    69,3      

[1] Р.Ясас, Л.Труска. Перепись населения 1790 г. в Великом Княжестве Литовском. Вильнюс, 1972. [R.Jasas, L.Truska. LietuvosDidžiosiosKunigaikštystesgyventojusurašymas 1790 m. Vilnius, 1972]. С. 60—67, 74—75. М.Лебедкин. О племенном составе народонаселения Западного края Российской империи // Записки Императорского русского географического общества, кн. 3. СПб, 1861. С.131—160. Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. ХI. Гродненская губерния. С. 114—117, 130—137. ХХII. Минская губерния. С. 104—107. СПб, 1904. Итоги Всесоюзной переписи населения 1959 года. Белорусская ССР. М.: Госстатиздат ЦСУ СССР, 1963. С. 126. Итоги Всесоюзной переписи населения 1970 года. ІV том. Национальный состав населения СССР. М.: Статистика, 1973. С.196. Численность и состав населения СССР. По данным Всесоюзной переписи населения 1979 года. М.: Финансы и статистика, 1985. С. 108. Численность, возрастная структура, состояние в браке, число и размер семей, национальный состав, уровень образования и источники средств существования населения Брестской области, По данным Всесоюзной переписи 1989 г. Брест, 1991. С. 203—227. Drugi powszechny spis ludności z dn. 9.XII.1931 // Statystyka Polski. Seria C, zeszyt 87. Województwo Poleskie. Warszawa, 1938. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej, opracowany na podstawie pierwszego powszechnego spisu ludności z dn 30 września 1921 r. i innych Zródel urzędowych. Tom VIII. Województwo Poleskie. Warszawa, 1924.

[2] П.О.Бобровский. Гродненская губерния // Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба. Ч. І. СПб, 1863. С. 622—628. С.И.Брук, В.М.Кабузан. Динамика и этнический состав населения Росси в эпоху империализма (конец ХІХ в. — 1917 г.) // История СССР, 1980, № 3. С. 91—92. И.Зеленин. Минская губерния // Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба. Ч. І. СПб, 1864. С. 409—411. Ф.Д.Климчук. О разновидностях билингвизма и полилингвизма (на материале южных районов Брестской области) // Проблемы двуязычия и многоязычия. М.: Наука, 1972. С. 268—274. Ф.Д.Климчук. Этническая структура населения Брестской области (к вопросу о “скрытых” этносах) // Международный симпозиум “Право и этнос”. Материалы для обсуждения. Голицино. 1—5 октября 1991 г. М., 1991. С. 150—160. Ф.Д.Климчук. Этнос и перепись: парадоксы статистики // Ожог родного очага. М.: Прогресс, 1990. С. 92—106. Ф.Д.Клімчук. Этнас, нацыя, самасвядомасць // Тэматычны зборнік, Беларусістыка, Незалежнасць Беларусі: актуальныя праблемы – шляхі іх вырашэння, Матэрыялы навуковай сесіі Аддзялення гуманітарных навук. Беларусь: шляхі абнаўлення і развіцця, 3—4 лістапада 1993 г. Мінск, 1994. С. 260—262. М.О.Коялович. Tableau statistique des nationalites de la Russie occidentale et des pays Limitrophes en Pologne et en Galicie //Документы, объясняющиеисториюЗападно-Русского края и его отношения к России и Польше. СПб, 1965. А.Ф.Риттих, П.Н.Батюшков. Атлас народонаселения Западно-Русского края по исповеданиям [Гродзенская і Мінская губерні]. СПб, 1964. А.Ф.Риттих. Племенной состав контингентов и мужского населения Европейской России [дадзеныя за 1867 г.] СПб, 1875. С. 155-156. П.П.Семенов. Географическо-статистический словарь Российской империи. Т. 1—5. СПб, 1863—1886. И.Столпянский. Девять губерний Западно-Русского края. СПб, 1866. П.П.Чубинский. Труды этнографическо-статистической экспедиции в Западно-Русский край. Т. VII, вып. 2. СПб, 1977. W.Studnicki. Zarys statystyczno-ekonomiczny ziem północno-wschodnich. Wilno, 1922. S. 134, 137. W.Wakar. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej // Statystyka narodowościowa kresów wschodnich, cz. III. Kielce, 1917. S. 19—29.

[3] Ф.Д.Клімчук. Гаворкі Заходняга Палесся. Фанетычны нарыс. Мінск: Навука і тэхніка, 1983. Ф.Д.Климчук, А.А.Кривицкий, Н.В.Никончук. Полесские говоры в составе белорусского и украинского языков // Полесье. Материальная культура. Киев: Наукова думка, 1988. С. 56—64, 420—422. А.І.Грынавецкене, Ф.Д.Клімчук, А.А.Крывіцкі, С.Г.Лобач, Ю.Ф.Мацкевіч, П.А.Міхайлаў, Я.М.Рамановіч, А.І.Чабярук, І.Я.Яшкін. Лексічныя ландшафты Беларусі. Жывёльны свет. Мінск: Навука і тэхніка, 1995. С. 180—196 , карты 14—42. Ф.Д.Клімчук. Заходняе Палессе – дыялектны ландшафт [Інтэрв’ю Л.Баршчэўскай] // Наша слова [газета, Мінск], 3 лістапада 1993, № 44 (152). С. 3. Л.В.Леванцэвіч. Атлас гаворак Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Фанетыка. Брэст, 1993, ч. 1, 2.Л.В.Леванцэвіч. Атлас гаворак Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Марфалогія. Брэст, 1994.

[4] Гаворкі Заходняга Палесся… Заходнепалескія гаворкі // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Мінск, 1985, т. 2. С. 504—505.Заходнепалескія гаворкі // Беларуская мова. Энцыклапедыя. Мінск, 1994. С. 57 (карта), 218—219. Галосны [ü] ў брэсцка-пінскіх гаворках // Полісся: мова, культура, історія. Киïв, 1996. С. 57—63. Народныя гаворкі Драгічыншчыны // Памяць. Драгічынскі раён. // Гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі. Мінск: Белта, 1997. С. 493—499. Групы гаворак на Піншчыне // Навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 900-годдзю Пінска. Пінск, 1997. С. 33—35. Диалектные типы Полесья // Слово и культура. Памяти Никиты Ильича Толстого. М.: Индрик, 1998, т. 1. С. 118—135. Гаворкі Маларытчыны // Памяць, Маларыцкі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Мінск: Ураджай, 1998. С. 490—493. Диалектные типы Полесья на общеславянском фоне // Славянские этюды. Сборник к юбилею С.М.Толстой. М.: Индрик, 1999. С. 214—227. Адлюстраванне мінулага ў народных гаворках Берасцейшчыны // Загароддзе-2. Матэрыялы навукова-краязнаўчай канферэнцыі “Палессе – скрыжаванне культур і часу” 25—27 верасня 1999 г., Пінск. Мінск: Тэхналогія, 2000. С. 114—117.

[5] А.І.Жураўскі. Старадаўнія назвы гарадоў Беларусі // Навіны Беларускай акадэміі навук (газета, Мінск), 14 жніўня 1992, № 31 (660). С. 3—5.

[6] У артыкуле змешчаны толькі агульныя вынікі пераліку (гл. табліцы № 1—4).

[7] Живописная Россия. Литовское и Белорусское Полесье. Минск, 1993 (Репринт, 1882). С. 21. Słownik geograficzny królewstwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. VI. Warszawa, 1885. S. 949. L. Grodzicki. Struktura posiadania Gruntów w Województwie poleskim (Według danych Statystyki Produkcji Rolnej z 1931 r.). Warszawa, 1936. S. 28—29.

[8] З.Ю.Копысский. Экономическое развитие городов Белоруссии в ХVІ – первой половине ХVІ в. Минск: Наука и техника, 1966. С. 51.

[9] Р.Ясас, Л.Труска. Перепись населения 1790 г… С. 60—67, 74—75.

[10] З.Ю.Копысский. Экономическое развитие городов… С. 50—51, 206.

[11] З тэксту адной старадаўняй песні цыклу бородáйка (вясенні цыкл), запісанай намі ў Драгічынскім раёне, вынікае, што ў даўніну ў абавязак бацькоў уваходзіла вучыць сваіх дзяцей пісаць (пысáты нагучя’ты).

[12] Аб пашырэнні царкоўнаславянскай пісьменнасці ў Расііі гл.: А.Г.Кравецкий. Литургический язык как предмет этнографии // Славянские этюды. Сборник к юбилею С.М.Толстой. М.:Индрик, 1999. С.228—242.

Leave a Reply