Алесь Наварыч. Венерыны чаравічкі

Да біяграфіі аўтара

1

Венерыны чаравічкі – дзікая архідэя, што ўсё яшчэ сустракаецца ў нашай прыродзе. Калі зазірнуць ў «Энцыклапедыю прыроды Беларусі», можна вычытаць, што венерыны чаравічкі – расліна з роду Cypripedium з рэдкай прыгажосці кветкай. У Швейцарыі, да прыкладу, венерыны чаравічкі ахоўваюць яшчэ з XIX стагоддзя. Архідэя гэтая цвіце некалькі месяцаў, не тое што, скажам, цюльпаны, макі ці якія гладыёлусы. Праўда, зацвітаюць венерыны чаравічкі толькі на пятнаццатым-семнаццатым годзе жыцця. Ці не таму найпрыгажэйшая з нашых архідэй рэдка сустракаецца і яе ўвогуле мала хто бачыў? А чаравічкамі расліну называюць, бо кветка яе напраўду напамінае чаравічак. Азначэнне «венерыны» паходзіць ад імя багіні кахання Венеры, яна ж Кіпрыда, адсюль і лацінскі назоў.

Для мяне дзівосная расліна звязана з любоўнай прыгодай сябра дзяцінства. Колісь, у даўнія вякі, удзельнікам абласной алімпіяды па біялогіі зладавалі цеплаходную экскурсію па Прыпяці. Уявіце сабе лета, прыпяцкі прастор, цэлыя суткі вольнага часу пасля алімпіядскіх змаганняў. Валерку прыглянулася дачка кіраўніка турыстычнай групы. Утрэскаўся, што называецца, як чорт у сухую грушу. А потым… знік з цеплахода. Прапаў і няма! Як маланка, вёску абляцела навіна – Валерка прапаў. Пасля абеду таго ж дня «Рамэа» прыйшоў дахаты. Ну і было яму, скажу я вам!

Потым сябра расказаў, што адбылося. Падзеі разгортваліся, як у авантурнай гісторыі.

 

2

 

Пачалося ўсё з кахання ад першага позірку. Было б у каго, прызнаваўся Валерка, закахацца: чорная, як галка, худзенькая, драбнатварая, з вузкіх плечукоў брэтэлечкі спадаюць, вочкамі па баках пастрэльвае. Што ж, сэрцу не загадаеш!

А тут яшчэ бацька называў яе Лілеяй… Лілея?! Валерку падалося смешным такое імя. Ліля, ну яшчэ Лілька, а то Лі-ле-я. Ну якая лілея гэтае кацянё?

Дзяўчынка была дападная, і ў першы ж дзень выцечкі бацька адвёў дачку ўбок, нешта строга выгаворваў. Пасля Валерка выпадкова натыкнуўся на дзяўчыну. Лілька сядзела надзьмутай у куточку. Валерка пастаяў, потым працягнуў дзяўчынцы мармелад у кулёчку з шэрай абгортачнай паперы. Памятаеце колісь такую… Лілька ўзняла заплаканыя вейкі, пасядзела, потым пырснула смехам і запусціла руку ў кулёк…

Вось так яны і пазнаёміліся. Свойская і кампанейская, Лілька выгадна адрознівалася ад дзяўчат, якіх Валерка ведаў. І дарэмна на яе нагаворваў старшакласнік Мазгуноў. Гаварыў, што дачка групавода з тых, якія ведаюць пра «гэта»… Маўляў, з такімі лёгка дамовіцца… Мазгуноў увогуле пра «гэта» толькі і гаварыў… Што ж, пра «гэта» з вясковымі і думаць не адважвайся, а яна – гарадская, спрактыкаваная.

Гэта ці тое – Валерку ці важна? Елі ружовыя і зялёныя скрылёчкі мармеладу, гаварылі пра ўсё, што ў галаву стукне, а да дзявочых вуснаў прыліпаў цукар, якім быў перасыпаны мармелад.

– Ты добра плаваеш? – спыталася Лілька.

– Як качка, – бясхітрасна адказваў Валерка, гледзячы, як дзяўчынка аблізвае куточкі рота.

– Калі б нырцануў, даплыў бы да берага? – зноў спытала Лілька, паказваючы вачамі на прыбярэжныя кусты, якія паволі праплывалі паўз барты цеплахода.

– Лёгка, – адказаў Валерка.

Ды ён мора пераплыў бы! Дзеля яе, зразумела. А потым… Потым яна назначыла яму спатканне. Сказала дзелавіта, рыхтык прызначала спатканні кожны дзень. Валерка насцярожыўся. Дзяўчаты яму сустрэч яшчэ не прызначалі. З заміраннем сэрца, але як можна больш абыякава сказаў:

– А дзе? Тут… навокал людзі паўсюль…

– Тут, на гэтым месцы… – па-змоўніцку прашаптала дзяўчынка.

Вось тады Валерка і зразумеў, што закахаўся. Моцна, і ці не першы раз у жыцці. Раней, ва ўсякім разе, такога не было. Нават мармелад больш не палез у рот. Вядома, захацелася таго цукру, што прыліп да яе вуснаў…

Вечара Валера ледзь дачакаўся. Вельмі ж марудна апускалася сонца. Нарэшце яно схавалася за далёкія лясы на прыпяцкіх паплавах. Пяшчотлівы помарак атуліў рэчышча Прыпяці. У чорнай, як моцная кава, вадзе гуляла, гучна плёхкала рыба. Кручкамі лёталі вакол цеплахода белыя чаплі… У густой рачной цеплыні душна пахла сырым пяском, аерам, гнілымі, выкінутымі на бераг водарасцямі.

«Ліля, Лілея», – шаптаў усхваляваны хлопец. Пры паўтарэнні гэтага імені перад вачамі паўставала найпрыгажэйшая лілея, вадзяны гарлачык, па-лацінску – Nymphaea alba. І ў гэтым імені, як у цудоўным гарлачыку, Валерку, безумоўна, схаваліся ўсе скарбы свету. І, вось дзіва, думка, што яна ведае «гэта», яна ўмее «гэта», надавала дзяўчынцы з такім іменем яшчэ большай чароўнасці, амаль што казачнасці.

Якраз у той час ішлі каля прырэчнай вёсачкі Беражцы. На беразе курэлі дымкі; былі відаць дзяўчаты, якія каля вогнішчаў размахвалі галінкамі, нібы ў лазні венікамі, адганялі машкарэчу.

«На дождж, ці што, камары шалеюць?» – падумаў Валерка.

Калі пачнецца дождж, давядзецца сядзець у каюце. Да цемнаты яшчэ так доўга чакаць. Ён яшчэ тады падумаў, што Беражцы блізка ад ягонай роднай вёскі. Калі сысці на бераг, то праз гадзіны тры можна быць з бацькамі, з сябрамі, і без дурнога клопату – што рабіць на спатканні з дзяўчынкай з такім чароўным, як яму здавалася, іменем – Лілея!

Валерка слухаў роўны плёхкат ракі, з нецярпеннем прыглядаўся да неба, на якім з’яўляліся адна за адной колкія зоркі… Яму чамусьці хацелася, каб спатканне хутчэй адбылося, скончылася і каб ён зноў застаўся адзін.

«Пра што з ёю гаварыць? Надта цікава ёй пра амёбы, інфузорыі?» – пакутліва разважаў хлопец. У гэтым ён добра разбіраўся – нездарма трапіў на алімпіяду па біялогіі. Пра свет прыроды можа расказваць гадзінамі… А вось як гаварыць… пра «гэта»?

Валерка падсвяціў электронны гадзіннік. Хутка дзесяць. Вось-вось прыйдзе…

Але было і дзесяць, і адзінаццаць, было і дванаццаць, а дзяўчынка ўсё не ішла. Наваколле ўчарнела, заміргалі праз хмарыны зоркі – ноч апусцілася на Прыпяць. Валерка пачуў на карме гучны смех і галасы. Чуваць і Лількін голас. Чаго яны рагочуць?

Валерка таптаўся каля таго месца, дзе было прызначана спатканне, глядзеў, як час ад часу з-за паваротаў паказваюцца ліхтары бакенаў.

«Нездарма гэты рогат… – думаў ён. – Няўжо жарт падстроілі?»

Праз колькі часу хлопец пераканаўся, што гэта так. Крыўда і сорам рабілі сваю работу. Валерка супакойваў сябе, прыдумляў Лілі розныя апраўданні… Можа, вылецела пра спатканне з галавы, можа, што іншае…

Калі сцямнела, пачуў ціхае:

– Стаіць?

– Стаіць… Чакае…

Валерка затрымаў дыханне. Пазнаў па галасах Мазгунова і Лілю. Яны стаялі побач, шапталіся, потым пачуў, як яны… цалуюцца. Уявіць, як яны гэта робяць, – высокі, дылда, Мазгуноў, і маленькая, дробненькая Лілька, – было няцяжка.

 

3

 

Валерка, не тоячыся, пайшоў. Зайшоў у каюту, сеў на ложак. Спаць, ці што?! Разуўся. Нечакана ўкінуў куртачку і абутак у сумку, згроб рэчы туды ж, басанож выйшаў на палубу. Цёмна. Зоркі не мігцелі. На поўдні, у тым баку, у які надумаў падацца, стаяла чорная страшная цемра.

Хлопчык уздыхнуў, падлез пад парэнчы, завіс на адной руцэ, павісеў якую хвіліну і ўрэшце адпусціў руку. Вада ахапіла яго як роднага, не падалася ледзяной нават у момант акунання. Сумка легла на ваду побач… Хутка целу зрабілася прыемна, цёпла – паветра было халаднейшым за ваду.

«Вінтом каб не падчапіла!» – падумаў Валерка, спакойна, без плёхкання, адплыў ад цеплахода, паплыў да нябачнага берага. Сумку з рэчамі штурхаў перад сабой. Яна спачатку плыла стырчма, потым легла на бок, а калі намокла, яе давялося цягнуць. Каля самага берага зрабілася як цагліна.

Чырвоныя агеньчыкі цеплахода міргалі ўсё далей і далей у зеўрастай цемначы. Была самая глыбіня ночы, зрэшты, ужо не ночы, бо ў гэты час цемра пачынае шарэць, але хмарна, таму і цёмна.

Выкруціў вопратку, абмацаў куст, падсеў пад яго. Разлічваў, што дасядзіць на беразе давідна, а да роднага селішча дойдзе яшчэ к абеду – сіл хопіць. Прыйдзе да абеду, калі вэрхал яшчэ не паднімецца, усё будзе нармальна. Не важна, што ўляціць ад бацькоў.

 

4

 

Хлопчыка хапіліся раніцай. Абшукалі ўсё – няма! Што рабіць? Гвалт паднімаць, дзіця ж прапала! Належала паведамляць у міліцыю, дазвоньвацца ў школу, каб перадалі бацькам. Не цяжка ўявіць пярэпалах кіраўніка турыстычнай групы, пачуцці капітана. Куды і, галоўнае, чаго знік няўрымснік? Пакаўзнуўся, упаў за борт, захлынуўся? Дарослым адказваць: чаго не ўгледзелі, не ўпільнавалі?!

На цеплаходзе не ведалі, што Валерку немагчыма было ўтапіць, калі б хто і захацеў – на копанцы гадаваны і плаваў напраўду як тая качка. У той час, калі на цеплаходзе ўсчалася мітусня, Валерка дрыжэў пад прыбярэжным кустом кіламетраў за трыццаць – сорак вышэй па цячэнню ракі. Ён тросся ад ранішняй золкасці і думаў – чаго ён скокнуў у Прыпяць як апантаны? Што, а галоўнае, каму хацеў нешта даказаць? Бацькі ж яго за гэта жыўцом з’ядуць. Ці варта скакаць уночы з-за таго, што дзяўчынка назначыла яму спатканне, а сама прастаяла з іншым? Пасмяялася? У-у, бязлітасная… Лілея… Выходзіла, што ён, каб адпомсціць, булькнуў за борт. Глупства, неразважлівасць, але што паробіш…

Досвіцце ўдалося нядобрае, хмарнае. З алешын сыпаліся буйныя кроплі халоднай расы, каля берага стаяў смурод – у намытым пяску гнілі водарасці. Даўно час, а на ўсходзе ўсё не праяснялася. Чамусьці на захадзе ўсхадзілася зыркасць, потым, нявіднае за лесам, на захадзе стала ўзыходзіць сонца.

Валерка мігам усхапіўся з месца. На захадзе? Сонца? Азірнуўся, агаломшана пакруціўся на месцы. Божачкі! І напраўду сонца ўставала не з усходу, а з захаду.

Што гэта такое: сонца ўстае… на захадзе? Ці не звар’яцеў ён? Прыпяць цячэ на ўсход, значыць – сонца павінна паднімацца з таго боку, у які цячэ рака!

Вакол маўчалі купы лазы, чараты маўчалі – не шалахнецца ніводная чараціна. Толькі лёгенькія хвалі калышуць пустыя палавінкі перлавіц на белай паласе наплаўнага пяску.

«Хутчэй выбірацца адсюль», – падумаў хлопчык і зноў паглядзеў на захад. Там, парушаючы законы светабудовы, уставала сонца. Яно рабілася з малінавага пунсовым, потым жаўцела, ласкавела… Сонца як сонца, толькі чаму яно ўзыходзіла не там, дзе належала?!

Гэта было настолькі нязвыклым, што ўспомнілася, як летась вясковыя дзяўчаты пайшлі па ягады-дурніцы, пагубляліся, убіліся ў балота, выйшлі ажно на шашу Пінск -Столін. Гэта так далёка ад сяла. Адну дзяўчынку шукалі яшчэ і ўночы, знайшлі перапалоханую – слова не магла вымавіць. Пярэпалах лячылі бабулькі – каталі па жываце яйка. Пярэпалах прайшоў, але дзяўчынка і дагэтуль нейкая маўклюха. А што, калі і з ім такое здарыцца? Вакол на дзесяткі кіламетраў сумны забалочаны альховы лес, увіты гірляндамі хмелю, як навагоднія ёлкі мішурой. Не тое што чалавека, следу ягонага не ўбачыш. Рэдка дзе прагаліна сенакосу стрэнецца, старая борць на дубе, ці які пікет з нумарам ляснічага квартала. Каля ракі лес купамі, а далей – суцэльны масіў, нетра…

Не, ён смелы, моцны. Прыпяць цячэ на ўсход? На ўсход. Хлопчык стаў тварам па цячэнню Прыпяці – там усход! Але чаму тады сонца ўзыходзіць за спінай?

Загадка? Тлумная, вар’яцкая. Каму верыць: сонцу ці рацэ?

Валерка апусціўся пад куст і ўпершыню пашкадаваў, што пакінуў цеплаход. Сядзеў бы зараз у цёплай каюце, піў каву з малаком ды ячшэ з пячэннем. Дайшлі б недзе пад Калінкавічы, ці нават дзе пад самы Мазыр.

Сонца паднялося вышэй, стала прыпякаць. Над алейнага колеру вадой загудзелі мухі, засмярдзела рыбай. Варта прывыкнуць, прывучыць сябе, што ў тым баку, дзе сонца, там і ўсход. Хлопчык угрэўся, яго перастала калаціць. Памяць уладна вяртала ва ўчарашнія асалодкавыя прыцемкі.

«Яна ашукала мяне! – прыкры ўспамін не даваў спакою. – Сама прызначыла сустрэчу, але… Але потым бавіла час з іншым. Можа, Мазгуноў і намовіў жарт з мяне, асталопа гэткага, састроіць?»

Недалёка за разложыстай вербалозінай гучна, як стрэл, трэснула галінка. Валерка наструніўся. Што там? Халадок страху заказытаў па спіне, валаскі на скуры сталі дыбара! Воўк? Не, якія ваўкі тут? За кустом булькнула і на чыстую ваду выплыла доўгая, як вуж, жывёліна з пукатымі вачамі.

Выдра?! Імгненне, і звярка няма, толькі кругі пайшлі.

«У выдры зубы вострыя… Цьфу ты! І што з гэтага, што вострыя? Яна што, на людзей нападае? І воўк не нападзе, каб і быў. Чалавека баіцца як агню. Таму і выжылі, што баяліся. Хопіць тут сядзець і трэсціся ад кожнага шолаху».

Вакол роўныя, акуратныя купы лазы, рыхтык падстрыжаныя руплівым гаспадаром. Дзе няма лазы, зараснікі густога – не пралезці – маладога рагозу або сцяна высокіх – пад два метры – чаратоў. Маладых і старых, леташніх. І ціха, глуха, быццам людзей увогуле на свеце няма.

Людзі былі, недзе далёка – але былі. Шмат людзей, цэлыя гарады, мястэчкі, пасёлкі, вёскі… Тысячы гарадоў з шумам, гудам, самалётамі ў небе… А тут – хоць бы адзін праляцеў, і то весялей было б.

«Выберуся на ваду, адплыву ад берага, агледжуся…» – падумаў хлопец. Рассунуў чарот і ўлез у ваду.

Гучна залапатала крыллем апуджаная качка, рэзка крутнулася, боўтнулася ў ваду і густа, сіпла закракала. Валерка аддыхаўся – і ў яго ад нечаканасці сэрца лапатала ў грудзях. Чаго качка не ўцякла? Ага, побач, як рукой дастаць, плаваюць качаняты-пухляняты.

«Другі вывадак, – адзначыў хлопец, – бо з першай кладкі даўно вывеліся…»

Пастаяў, падумаў і толькі тут зразумеў, што да чаго.

 

5

 

Усё было проста: Прыпяць рабіла паварот, і ён уночы арыентаваўся па хадзе цеплахода і памыліўся ў вызначэнні дзе поўдзень, а дзе поўнач. Таму раніцай збіўся з панталыку: чакаў, што сонца ўстане з таго боку, у які цякла Прыпяць. А яно ўзышло за спінай, узышло там, дзе яму і трэба ўзыходзіць.

Невысока над вадой прашумелі крыламі шпакі. «Ага, шпакі ёсць, значыць, людзі блізка», – абрадаваўся хлопчык. Па забалочаным беразе ён выйшаў на сушыню. Там і сям на купінах блішчэлі маленькія расяначкі. Як яны па-лацінску? Забыў… Драпежная расліна. Па-беларуску расянка яшчэ загартушкай называецца. Вунь мошкі наліпалі да клейкай слізі… І ён прыліп да недарэчнай дзяўчынкі, трапіўся на падман…

Валерка ўспомніў падмалёваныя алоўкам вочы дзяўчынкі, тоненька выскубаныя броўкі. Такое малое, а ўжо малюецца-выскубаецца… Валерка ўявіў, што зараз на цеплаходзе Лілька проплачам расказвае пра спатканне, пра тое, што была з другім, і таму Валерка ўцёк… Не, не ўцёк – скокнуў у чорную ваду, каб утапіцца, утапіцца дзеля яе, бо любіў яе… Моцна-моцна любіў…

Валерка не ведаў, што цеплаход стаіць у Мазыры, дарослыя бегаюць званіць, а Лілька не плача, а ўмінае шакаладныя цукеркі, якія купіў Мазгуноў. Шакалад вымазвае вусны карычневымі рысікамі, а старшакласнік глядзіць на гэтыя рысікі і цяжка ўздыхае, бо дзяўчынка ела ягоны шакалад і з захапленнем пазірала на спартсменаў, высокіх здаровых хлопцаў з моцнымі голымі лыткамі, што пілі мінералку на прычале, разміналі паясніцы пасля доўгага сядзення ў байдарках…

 

6

 

Якая цішыня, векавечная цішыня! Сонца добра прыпякае, ужо горача, хоць яшчэ і раніца. Дзіўна, што не сысыкаюць конікі. Яны там, дзе сушэй. У небе слупамі стаяць, не варухнуцца, высокія аблокі. Трава, высокая і зблытаная, прыгрэтая сонцам, пачынае пахнуць густым лекавым смуродам. Лета, глыбокае спякотнае лета ў рачной даліне Прыпяці.

Раптам данёсся стук дрэва. Так магло стукацца вясло аб дно лодкі. Пайшоў на гук. Так і ёсць – на вадзе, залітай гарачым сонцам, гойдаецца лодка, а на паваленай у ваду вярбіне сядзіць чалавек, апусціў у ваду ногі, трымае вуду, ляскае ладонню па шчоках – камароў б’е.

З’явілася думка ўкрасці човен, каб самому перабрацца на другі бераг. Але чаго геройстваваць? Патлумачыў, куды яму трэба. Рыбак, пэўна, гараджанін-няшчаснік, бо з абкусанымі камарэчай вачамі і распухлымі губамі, перавёз Валерку на другі бераг, паказаў, куды ісці. Валерка падзякаваў і шпарка пабег па ледзь бачнай пуцявінцы. Адбегшыся, спакойна пайшоў далей. Добра, што не балота, а лес. Альха, ясень, бярозкі… Дзе-нідзе нават сасна пракідаецца.

Вось тут, у гэтым маладняку, Валерка і заўважыў вомільгам нешта чырвонае. Глянуў, прыгледзеўся і знерухомеў ад уражання! Стуленая падкурчанымі лістамі папараці расла дзіўная, ніколі не бачаная расліна з надта ж дзіўнай кветкай. Каму, як не пераможцу абласной алімпіяды вызначыць від расліны? Хоць бы запомніць, як яна выглядае, каб потым знайсці па кніжцы…

Што ж гэта за расліна, якая мае кветку з чатырма пялёсткамі ружовага, амаль чырвонага колеру, а пяты пялёстак у выглядзе ўздзьмутай губы? На выгляд уся кветка выглядае як бахілы якія.

«Бахілы? Хм…»

Дык гэта ж – венерыны чаравічкі! Тая самая надзвычай рэдкая, дзівосная расліна, што занесена ў Чырвоныя кнігі ўсёй Эўропы… Бачыў жа на малюнках, а вось зараз і жыўцом. Харошая якая, свежая, бессаромная!

Над кветкай таўкліся камары, віліся дробныя мушкі. Ад кветкі выразна пахла цукеркамі. Вось дзелавітая пчала ўлезла ў кветку. Валерка ведаў з кніг, што нектару ў венерыных чаравічкаў няма – так распарадзілася прырода. Пчала абшнорыла сярэдзіну кветкі, нічога там не знайшла, замітусілася – па слізкіх пялёстках праз верх ёй не выбрацца. Паспрабавала ўзляцець, ударылася крыламі аб краі, скацілася на дно, раззлавана забзыкала, папаўзла па дне. Інстынкт самазахавання штурхае яе да пошукаў выйсця, а яно там, дзе пялёстак-губа прымацавана да кветаложа. Выйсце цеснае, але пчала прашчамілася, вырвалася на волю. Ашалелая ад радасці, што ўсё так хутка скончылася, імкліва ўзляцела. Валерка ведаў, а юннат ён яшчэ той, што калі пчала праціскалася праз цеснае выйсце, то ўмазалася ў пылок. Панясе ў вулей ці ў калоду, пчолы патруцца з ёю і перанясуць пылок на іншыя венерыны чаравічкі. Так разумная, мудрая прырода прыдумала спосаб апыляць саму сябе. Хітрая кветка, хітрая, рыхтык дзяўчынка, што сама прызначыла спатканне, а потым…

«Вось, не выходзіць з галавы… Забудзь, плюнь…» Хлопчык цяжка ўздыхнуў, нібы развітваўся з перажыткам, у палон якога патрапіў. Знаходка абрадавала яго. Безумоўна, рэдкая расліна… Але што яшчэ па форме нагадвае кветка гэтай архідэі? Тое і нагадвае, што нагадвае…

Валерка махнуў рукой – ат! Усё ягонае бедаванне – надуманае. Цяпер самы час як мага хутчэй дабрацца дахаты…

Кінуўся бегчы, на бягу думаў, што ўсе перажыванні па-праўдзе ёсць глупствам, падманам, як падманам аказаўся той палон, у які трапіла пчала…

Так, пчала. Калі ёсць пчолы, павінна быць калода ці вулей, пасека, людзі. Хоць бы выйсці да чыгункі, а там і рукой падаць да родных мясцін.

 

7

 

Гарачым і душным поўднем, з засмяглымі вуснамі – кроплі вады ў роце не было, ён выйшаў да жытнёвага поля.

У жыце стаяў дуб з высахлай вершалінай, і на белым, як костка, сучку сядзеў разамлелы ад спякоты канюк з растуленымі крыламі і разяўленай дзюбай. Ён рыхтык чакаў, што з лесу нехта з’явіцца; бо як убачыў хлопца, скокнуў з галіны і з пранізлівым віскам, напоўнены невымоўна балючым смуткам, паляцеў над залацістым морам спелага жыта, з якога тырчэлі пікі лебяды і як насцярожаныя галовы казачных істот вызіралі цыбуры палыну і дзядоўніку.

Потым Валерка ўгледзеў тэлеграфныя слупы, а далей ужо была чыгунка. Абрадаваны, пайшоў хутчэй, стаў пазнаваць мясціны, бо колісь тут з бацькам ездзілі на матацыкле. Ішоў і ніколечкі не баяўся, хоць ведаў, што сустрэнуць яго разгневаныя, незадаволеныя бацькі… Што можа быць ад блізкіх і родных людзей? А што і будзе, тое значна лягчэйшае, чым тая пакута, ад якой нацярпеўся ад свайго першага, такога хуткапальнага кахання.

Да біяграфіі аўтара

Leave a Reply