Наталка Бабіна. Тут была Украіна

Да біяграфіі аўтара

…Туман клубіцца над хатай. Завіваецца перавясламі, цячэ праз дубовыя і асінавыя кароны, плыве над пясчанымі пагоркамі, расьцякаецца стужкамі, сьцірае межы, зьбірае раскіданае… Нічога ня бачаць у тумане памежнікі, нічога ня чуюць, як ні настаўляюць вушы ў са­крэтах. І вось ужо аб’яднаныя туманом, злучаюцца ў ім і мая Заказань, і Буг, а за Бугам, у Польшчы, Кастамалоты, і Акчын, і Кодынь, і далей — Берасьце, Кобрын, Луцк, і Белыя азёры, і даліны, і ў лугах каліны… Сярод белай імглы, сярод заказанскага лесу стаіць мая халодная хата, паруе чорная кава, крычыць на сасьне сава. Мне ня трэба намагацца зразумець дух гэтай зямлі. Я яго ведаю. Яе дух — мой дух. Але штогод яна ад мяне ўсё далейшая і далейшая. Не хачу яе губляць — а губляю. Штодня, штохвіліны губляю, адплывае мая зямля ад мяне разам з днямі, хвілінамі, і нічога тут ня зробіш.

Шлях да сябе

Разам зь беларускай, ангельскай і расійскай на клявіятуры майго кампутара ёсьць і ўкраінская раскладка. Мне лёгка набіраць вершы ўкраінскіх паэтаў, вярстаць украінскія кнігі. Што я й раблю. Але, стаўшы прафэсійным перакладнікам, які працуе з рознымі мовамі, на роднай я пішу толькі са слоўнікам, і то з памылкамі. Я ніколі не вучыла яе ў школе. А хіба толькі я адна? На ўсім абшары Беларусі, дзе карэннае насельніцтва гаворыць па-ўкраінску, няма ніводнай украінскай школы, ніводнай украінскай клясы. Афіцыйна ў Беларусі лічыцца, што ўкраінцаў на Берасьцейшчыне няма.

Натуральна, мы тут ёсьць. Нас далучыў да Беларусі Сталін не праз што іншае, а толькі дзеля “палітычнай мэтазгоднасьці”: каб дарога Масква—Варшава не праходзіла праз Украіну, каб аслабіць моц Украіны як нацыянальнага канкурэнта інтэрнацыянальнага СССР, каб “зьбіць” тут, на Берасьцейшчыне, узровень украінскага нацыяналізму. Усё Сталіну ўдалося. І калі да вайны на Берасьцейшчыне ў школах навучалі на ўкраінскай, у часы вайны Берасьцейшчына належала да райхскамісарыяту “Ўкраіна”, а пасьля вайны аж да пачатку пяцьдзесятых на Берасьцейшчыне і Піншчыне дзейнічала, паводле архіўных зьвестак, каля 300 групаў УПА, кожная лікам ад 10 да 500 чалавек, — дык пасьля сытуацыя рэзка зьмянілася.

Хаця паміж Беларусяй і Ўкраінай не было такой “паўнавартаснай” мяжы, як паміж Беларусяй і Польшчай, — з дротам пад токам, сьлядовай паласой, заставамі і памежнікамі, — ніякіх сувязяў Берасьцейшчыны з Украінай практычна не засталося. Ніякіх украінскіх кніг у кнігарнях і бібліятэках, ніякіх украінскіх газэтаў. Ніколі ніхто не казаў нам, на якой насамрэч мове мы гаворым. Дзеячы зь беларускай Акадэміі навук дзяўблі, што гэта дыялект беларускай. Трэба быць сьвядомым ашуканцам, каб такое вярзьці! Але гэта я разумею цяпер. Тады, у дзяцінстве, я толькі бачыла, што мы, у вёсках, нейкія не такія, як людзі ў Берасьці або настаўнікі ў школе.

Да ўкраінскасьці я дайшла не праз бацькоў. Ня ведаю, можа дзе й былі сьвядомыя ды абазнаныя людзі, якія разумелі, хто мы такія ёсьць. Нам, дзецям, пра гэта ніколі ніхто не казаў. Ужо дарослай дзяўчынай убачыла “Кабзара” — брат прывёз прыз з шахматных спаборніцтваў з Львова. Стала чытаць, і раптам мяне быццам нехта ўдарыў: гэтыя цудоўныя радкі напісаныя НАШАЙ мовай! Мы, выходзіць, гаворым ПА-ЎКРАІНСКУ! Як бачыце, каб знайсьці адказ на пытаньне ХТО МЫ ЁСЬЦЬ, досыць было АДНОЙ кніжкі!

Знайсьці адказ на пытаньне, ЯК ТУТ ЖЫЛІ РАНЕЙ, было больш складана. Мне заўжды здавалася, што мы вывучаем у школе нейкую ня тую гісторыю. Калі, скажам, гаворка ішла пра вайну, тады ўсё ўпіралася ў абарону Берасьцейскай крэпасьці, якую ўтрымлівалі савецкія салдаты, што панаехалі сюды ў 39-м. А нашы людзі? А мае землякі? Як і чым жылі яны? Даведацца пра гэта было цяжка. Толькі калі мы з братам сталі ўжо дарослымі, бацька, бабуля сталі патроху распавядаць нам пра тое, што на самай справе тут у нас адбывалася. Расповеды былі ўрыўкавыя, няпоўныя — бо бацька тады быў маленькім хлопчыкам, а бабуля мусіла ўсё жыцьцё цяжка працаваць, амаль не вучылася і распавесьці магла толькі пра тое, што бачыла на свае вочы. І ўсё ж вымалёўвалася жывая карціна. Але страшная.

“…Спасибо, родная страна!”

Калі слухаеш пра тое, што тут адбывалася, больш за ўсё зьдзіўляе нейкая бяздумная жорсткасьць, наўмысная амаральнасьць, якую дэманстравалі ўлады — якія б яны ні былі. Палякі, немцы, саветы — усе нявечылі людзкія лёсы. Саветы, каб запанаваць, здаецца, пераўзышлі ў жорсткасьці ўсіх.

Сям’я аднаго майго дзеда, Антона Карнелюка, жыла на правым беразе Буга, у сяле Заказань. “Раз былі з Гантонам у полі,— расказвала баба. — Аж глядзім, а па дарозе едуць вазы, многа так. Што такое? Прыехалі салдаты зь вінтоўкамі, вымятайцеся, кажуць, тут будзе кардон. Павыганялі людзей, хаты расьцягалі, загацілі балота. Жыві як знаеш”. Так у 1945-м разьляцеліся заказанцы па сьвеце, ня стала старой Заказані, што стагодзьдзямі стаяла на Бугу, зарасьлі старыя могілкі, і знаку няма. На месца старой Заказані нават нельга трапіць — там цяпер нэўтральная паласа. У сухім пясчаным лесе каля мяжы дзе-хто з заказанцаў паставіў хаты, тут зьявілася новая Заказанка.

Ёсьць на Берасьцейшчыне вёска Такары, якую мяжа падзяліла на дзьве паловы — палова тут, палова ў Польшчы. Падзяліліся лёсы, падзяліліся душы.

Сям’я другога майго дзеда, Рыгора Дынька, жыла насупраць Заказані на левым беразе Буга, у Кастамалотах. Кастамалотцаў у 45-м “рэпатрыявалі”: вывезьлі далёка пад Адэсу, у бязводны стэп, які трэба было асвойваць. Там панаваў цар-голад. Каб неяк яго падмануць, бацька, якому тады было восем, разам зь сябрамі бег да лесапаласы і еў суквецьці белай акацыі… Калі трываць стала зацяжка, аднавяскоўцы адправілі дзеда ў Кіеў да Хрушчова — прасіцца назад. Той даў дазвол. “Праезд па тэрыторыі Украіны я вам гарантую, — сказаў, паводле сямейнага паданьня, Хрушчоў дзеду. — Ніхто вас не зачэпіць. А далей — дабірайцеся, як самі знаеце…”

Калі заплюшчу вочы, бачу, як зарослым шляхам, запрэгшы ў вазы кароў і пасадзіўшы дзяцей на вазы, вяртаюцца дадому кастамалотцы, хаваючыся ад міліцыі ды чырвонаармейцаў, каб не завярнулі назад, хаваючыся ад АУНаўцаў, каб не адабралі таго, што яшчэ засталося з маёнтку. Ішлі ўжо месяц. На другі дзень Тройцы падарожнікі былі ў глухой вёсцы Башня па­блізу Янова, дзе пуставала некалькі хатаў: іхных гаспадароў, палякаў, “рэпатрыявалі” ў Польшчу. Вырашылі застацца тут, спадзяваліся перажыць зіму, а тады дабірацца далей. Але здарылася інакш.

У той час, калі кастамалотцы садзілі бульбу пазычанымі ў башнянцаў лупінамі (бо сваёй бульбы, натуральна, не было), саветы ўзводзілі па Бугу сваю “жалезную заслону”, а палякі праводзілі сваю апэрацыю “Вісла”: тых кастамалотцаў, якія не рэпатрыяваліся ў Савецкі Саюз, вывезьлі ў Ольштынскае ваяводзтва, адкуль “рэпатрыявалі” немцаў… Мая стрыечная бабуля пякла хлеб, калі ў Кастамалоты прыехала спэцкаманда польскіх жаўнераў. Яны нават не дазволілі дачакаць, пакуль сьпячэцца хлеб, пагналі, у чым была, на воз…

Давялося кастамалотцам-рэпатрыянтам застацца ў Башні. Тут лютавалі “страбкі” — “истребительные батальоны”. Чалавечае жыцьцё нічога для іх не каштавала.

“Быў такі Кудзінаў, командаваў “страбкамі” ў Башні, — расказвае мой бацька, Васіль Дынько. — Дык яго баяліся ўсе. Такі быў непрадказальны. Ні з таго ні з гэтага мог застрэліць чалавека, і нічога яму за гэта не было. Скажа, што гэта бандыт-бандэравец, і ўсё тут. Быў у яго яшчэ намесьнік, прозьвішча не памятаю, прыгадваю толькі, што ў лесе яго зьелі ваўкі. Адны толькі боты засталіся.

“Страбкам” удалося злавіць “банду Чырвонага” — групу ўкраінскіх паўстанцаў, якая дзейнічала ў лясах пад Башнёй. Да нас у хату прыйшоў нехта з суседзяў і расказаў, што самога Чырвонага акружылі ў хаце на хутары, ён яшчэ спрабаваў уцячы праз падстрэшша, але куля дагнала, так і ўпаў на сьнег, абхапіўшы галаву… Мусіць, той сусед быў сьведкам…

Пасьля “ліквідацыі банды” ўзяліся за сялянаў. Багата каго забралі энкавэдысты. Прыяжджалі начамі, ранкам толькі бачым — хата замкнутая, вокны забітыя. Няма сям’і. Ніхто з тых людзей не вярнуўся. Памятаю, са мной за адной партай сядзеў хлопчык, Анані зваўся, быў з больш заможнай сям’і, часам частаваў мяне якім шматочкам сала. Яго сям’ю вось так уначы забралі, і яны недзе згінулі…”

Рэпрэсіі былі ня толькі фізычныя, але і маральныя. Людзям, якія атрымалі вышэйшую адукацыю пад Польшчай, нельга было працаваць настаў­нікамі. Звольнілі са школы маіх дзядзькоў, Івана і Ўладзімера Дынькоў. Дзядзька Валодзя, які да таго перажыў Асьвенцім ды ўцёкі адтуль, перанёс звальненьне вельмі цяжка…

Пасьля гэтага стае зразумелым, чаму маўчалі старэйшыя.

Ці мінецца гора?

“Минеться лихо, минеться горе, як дев’ятнадцятка поборе” — лёзунг, пад якім у 1926 г. ішоў на выбары да польскага сейму ўкраінскі рух Сільроб, нумар 19 у бюлетэні, часта паўтарае мая бабуля. “Дев’ятнадцятка” тады перамагла. Гора вось не мінулася.

Ці можа “дев’ятнадцятка” зноў перамагчы? Я думаю, што гэта магчыма толькі тады, калі пра нас успомніць Украіна.

Украінскі рух на Берасьцейшчыне адрадзіўся ў 90-х. Новая “Просвіта”, новыя ўкраінскія грамадзкія таварыствы, украінская газэта, кнігі, часам перадачы на мясцовым тэлебачаньні. Або зноў Лукашэнка не-не а скажа, што “мы не дамо ўкраінцам стварыць на тэрыторыі вобласьці аўтаномію”. Усё гэта спрыяе вяртаньню памяці да людзей.

Але падставаў для аптымізму я ня бачу.

Пакаленьне, якое вырасла ўва ўкраінскамоўным асяродку, патроху адыходзіць. Моладзь моцна русіфікаваная. Пры ўладзе тыя з Кудзінавых, каго, на жаль, не даелі ваўкі. Украіна ж не глядзіць у гэты бок, не зьвяртае ўвагі на гэтую праблему. Ніколі ніводзін прадстаўнік украінскай улады паўслова не сказаў пра тое, што тут, на Берасьцейшчыне, жывуць такія ж украінцы, як і на Валыні, пра тое, што парушаюцца іхныя правы. Нават украінскія інтэлектуалы не гаварылі аб праблеме Берасьцейшчыны на ўвесь голас. Баяліся пакрыўдзіць беларусаў.

І таму штохвіліны, штодня губляю я сваю зямлю. Яна адплывае ад мяне па небе з хмаркамі, якія плывуць на Ўкраіну. Туды іх нясе паўночна-заходні вецер.

Аўтарызаваны пераклад з украінскай Зьмітра Серабракова

Да біяграфіі аўтара

Leave a Reply