Уладзіслаў Ахроменка. Музы і свінні (урыўкі)

Да біяграфіі аўтара

Талія. Камедыя.

Першай фундаментальнай спарудай, узведзенай у разбураным Мінску адразу пасля вайны, быў комплекс Міністэрства Дзяржаўнай Бяспекі БССР – агромісты будынак з пілястрамі, прапілеямі, капітэлямі ды іншымі архітэктурнымі празмернасцямі. У беларускай сталіцы гэты гмах, які заняў цэлы квартал, называлі няйначай, як “палац МГБ”.

У палацавай вежы-бельведэры, як і мае быць, раскашаваў эмгэбэшны манарх Лаўрэнцій Цанава – аплылы брунет са знешнасцю кутаіскага буфетчыка. Дбаў з вышыні пра бяспеку, жлукціў каньяк і сузіраў футбол. На колькі ўзроўняў ніжэй рупіліся давераныя васалы са следчых і апероў: разблытвалі змовы, выкрывалі правакацыі і афармлялі справы. Яшчэ ніжэй, у знакамітай вязніцы “амерыканка” і на прылеглых да яе тэрыторыях, шчыравалі незлічоныя гэбэшныя люмпены: вартавыя, канваіры, вертухаі і аўчаркі розных ступеняў злоснасці.

У жніўні 1950 года ўся гэта ўладная вертыкаль пачынае вернападданніцкі калаціцца: міністру дзяржаўнай бяспекі БССР, генерал-лейтэнанту Лаўрэнцію Фамічу Цанаве спаўняецца пяцьдзесят.

Верны ленінец-сталінец. Палымяны барацьбіт з ворагамі, здраднікамі і недабіткамі. Рэспубліканскі правадыр, круглая дата, паложана віншаваць.

Па ўсіх узроўнях МГБ запускаюцца падпісныя лісты на падарункі дарагому Лаўрэнцію Фамічу. Дасведчаныя апергрупы выпраўляюцца ў антыкварныя крамы, музейныя сховы і на спецсклады рэквізаваных каштоўнасцяў. Сярэднявечныя кінжалы з дыяментамі, насценныя гадзіннікі з пазалотаю, галандскія карціны з голымі бабамі падносяцца ўладарнаму сюзэрну дзясяткамі, цэнтнерамі і пагоннымі метрамі. Крышталь і парцаляна, габелены і срэбра, бронзавыя пісьмовыя прыборы і вэнджаныя асятры… Таварыш Цанава з асалодай плёхаецца ў фантанах чэкісцкай любові, ласкава мацюгаецца ў вусы і шчодрым манаршым жэстам запрашае найбольш адданых халопаў адсвяткаваць свой юбілей у Клубе імя Дзяржынскага, які, натуральна, таксама ўваходзіць у комплекс палацу МГБ.

Рытуалы правадырскіх юбілеяў зацверджаныя ад першага слова да апошняга воплеску: урачыстае паседжанне з дыфірамбамі і праз дзесяціхвілінны антракт — святочны канцэрт.
Віншаванні доўжацца роўна адмераную гадзіну. Прамоўцы з трыбуны па чарзе распавядаюць розныя жахі пра нацыяналістаў, касмапалітаў, эсперантыстаў ды іншых фашыстаў, а потым сардэчна дзякуюць Лаўрэнцію Фамічу за іх своечасовае выкрыццё і бязлітасную ліквідацыю. Эмгэбэшны бамонд з энтузіязмам пляскае і горача падтрымлівае. Сам таварыш Цанава, седзячы ў прэзідыуме, нецярпліва дзінькае ардэнамі, рыхтык цыркавы конь наборнай збруяй, сутаргова пазяхае ў далонь і прыкідае, колькі марачнага каньяку завезена на службовае лецішча ў Сцяпянцы і як смачна будзе яго піячыць да самае раніцы пад розныя шашлыкі, хачапуры і сацыві. Праўда, канцэрт яшчэ давядзецца адседзець…
Святочны канцэрт традыцыйна адкрывае Хор канвойных войскаў МГБ БССР. Канферансье пафасна абвяшчае песню “Два сокалы”, музыка Масалітнава, словы Ісакоўскага. Заслона ўрачыста падымаецца. На сцэне – спеўнікі-канваіры, пашнураваныя ў чатыры ярусы, пад кіраўніцтвам хормайстра ў партупеі. Чэкісты ў зале імгненна сцішваюцца: песня пра сокала Леніна і сокала Сталіна, якія сядзяць на зялёным дубе – сур’ёзны палітычна-мастацка акт, падчас каторага лепш не кашляць і не бздзець у фатэлі, а то яшчэ зразумеюць няправільна…
І вось, калі цішыня нарэшце настойваецца да гольчатага ценькання ў чарапных каробках, аднекуль зверху даносіцца злавесны шоргат, і праз якую секунду на яго накладаецца голаснае і нахабнае:
— Сталін – блядзь!..
У ільдзяной касмічнай бязгучнасці чутно, як з рук хормайстра валіцца дырыжорская палачка і гудка стукаецца аб дошкі падлогі. З-за кулісаў даносіцца кароткі прыдушаны войк. Зала імгненна ператвараецца ў герметычную шкляную колбу, з якой выпампавалі паветра. Генералы і палкоўнікі МГБ зляканымі слімачкамі ўцягваюць свае пяшчотныя цельцы ў золатапагонныя кіцелі-ракаўкі. На задніх месцах нястрымнай метастазай распаўзаецца маўклівая паніка; дробныя чэкісты літаральна на вачах блякнуць і сціскаюцца, спыняюць дыханне й імкнуцца зліцца з інтэр’ерамі.
За партрэт Генералісімуса насупраць камунальнае прыбіральні можна атрымаць дзесяць гадоў лесапавалу, а тут – такое…
Тым часам бэзавае сутонне залы зноў працінае загадкавы шоргат, і ўсё той жа голас паўторна абзывае таварыша Сталіна такім страшным словам, што нават і паўтараць не хочацца. Толькі цяпер ужо з падкрэслена здзеклівымі інтанацыямі:
— Сталін – бля-ядзь, Сталін бля-я-ядзь, сталінбля-я-я-я-дзь!..
Першым ачомваецца сам міністр дзяржаўнай бяспекі БССР. Твар Лаўрэнція Цанавы імгненна становіцца пунсовым, бы мартышкіна дупа, вочы вырачваюцца і наліваюцца дурной крывёю.
Контрэвалюцыйная вылазка!.. Антысавецкая агітацыя!.. Падступная дыверсія, арганізаваная на грошы ЦРУ!.. І дзе, дзе?!.. У самім сэрцы Дзяржбяспекі, на святкаванні дня народзінаў галоўнага чэкіста рэспублікі!..
Рука юбіляра міжволі цягнецца да пісталета. Та-ак, залю ачапіць звонку падвоеным… не, патроеным кардонам, каб не адна падла не вышмыгнула!.. Клуб Дзяржынскага таксама ачапіць!.. І ўвесь квартал па перыметры!..
У броўнаўскім хаосе і татальнай кантузіі ўсіх прысутных ніхто так і не здагадваецца запаліць верхняе святло. У густое паўцемры можна пабачыць, як уздоўж сцяны імгненным метэорам праносіцца нейкая дзіўная істота, рытмічна лапоча белымі крыламі і нібы распускаецца ў паветры…
Позна ўвечары міністр дзяржаўнай бяспекі БССР, расхрыстаны і пануры, сядзіць за неабдымным сталом у сваім кабінеце. Перад ім амаль парожняя пляшка каньяку і зараджаны пісталет. Насупраць – ад’ютант; з выразам абсалютнай адданасці чытае пратаколы допытаў сведкаў і напружана касавурыцца на зброю.
Большасць дапытаных сцвярджае, што блюзнерскую фразу выкрыквала нейкая загадкавая істота з шырокімі белымі крыламі, прытым іншых адмысловых прыкметаў, акрамя гэтай, ніхто чамусь не запомніў. Ахова запэўнівае, што ў Клуб імя Дзяржынскага нават муха не можа без спецпропуску праляцець. Контрвыведнікі праводзяць комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Агентура шчыруе, радысты фільтруюць, супрацьдыверсійныя групы абшукваюць кожны квадратны сантыметр палацу МГБ, ад падвалаў і да самае столі… Увіхаюцца ўсе, але плёну пакуль што ніякага.
— І што таварыш Сталін пра мінэ тэпэр можэт падумат? – змярцвелымі ад жаху вуснамі шэпча Цанава і, свідруючы вачыма ад’ютанта, прамаўляе амаль чалавечна. – Скажы как чэкыст — чэкысту і камуныст — камунысту. Што ты сам пра эта думаеш, э?
Ад’ютант стрымана кашляе ў кулак.
— Усе версіі адпрацаваныя, ніякіх падазроных пакуль што няма. Можа, гэта… які-небудзь анёл, таварыш міністр дзяржаўнай бяспекі?
Таварыш міністр дапівае каньяк проста з рыльца і з распяленым ротам асэнсоўвае пачутае. Потым нечакана выбухае і з каўказскім тэмпераментам шпурляе пустую пляшку у ад’ютанскі голаў; падначалены спрактыкавана ўхіляецца.
— Какой ешчо анёл-шманёл, слушай! – сатанее Лаўрэнцій Фаміч. – Ты когда-нэбуд жывой анёл відэл? Можэт, твой пама-мама такой анёл відэл, за адын стол з нім сыдэл? Ты марксысцка-ленінскі дыалэктык чытал, не? Партыя і таварыш Сталін учат, што нэт ныкакіх анёл!
Добра, не анёл. А хто тады? Імперыялістычны шпег са сваёй Амерыцы прыляцеў, ці нейкі недабіты нацыяналіст намайстрачыўся чапляць на спіну бутафорскія крылы і папіраць закон сусветнага прыцягнення?
Цанава з хрубастам выпрастоўвае хрыбціну. Рукі перастаюць калаціцца, вочы паволі вяртаюцца ў арбіты і запальваецца хіжым чэкісцкім бляскам. Хто б гэта не быў, але яго трэба знайсці і абясшкодзіць… пакуль недабразычліўцы ў Маскве не скарысталі шыкоўную нагоду, каб распачаць чарговую інтрыгу супраць беларускага міністра дзяржаўнай бяспекі.
Перадаць усяму асабістаму складу: варожага дыверсанта, антысавецкага элемента і злоснага шкодніка знайсці неадкладна!.. Дапытаць па ўсёй суворасці савецкіх законаў: хто спланаваў, хто аплаціў, хто арганізаваў!.. Рэзідэнтура, агентурная сетка, канспіратыўныя кватэры, каго ўжо паспеў завербаваць, каго толькі збіраўся!.. Адпрацоўвайце абсалютна ўсе версіі… чуеш, ад’ютант, усе!.. Э, пачакай… і версію пра анёла таксама.
Наступныя дні шматлікія эмгэбэшныя апергрупы безупынна гойсаюць па Мінску і наваколлі. Адныя цікавяцца ўсім, што мае хоць нейкае дачыненне да безматорных палётаў. Другія – усім, што тычыцца белых пёркаў, прытым не абмінаюць нават станцыі юных натуралістаў і арцелі па вытворчасці падушак. У “амерыканцы” ад рана да рана шчыруюць самыя дасведчаныя чэкісты, па-свойску гутараць пра анёлаў з тамтэйшымі папамі і ксяндзамі. Але ж усё марна: ніхто тым гэбістам рады даць не можа. На ўсялякі выпадак гэбэшнікі арыштоўваюць з тузін патэнцыйных ворагаў, але ж тыя гарлаюць, як рэзаныя, што ні ў чым не вінаватыя і рэзыдэнта, падлюкі такія, пакуль не здаюць.
Праз тыдзень пошукаў адзін з аператыўнікаў выпраўляецца на вечаровы сеанс у кінатэатр “Перамога”, што ў якіхсьці ста метрах ад палацу МГБ. Купляе квіток у самым апошнім радзе, дзе амаль няма гледачоў, выцягвае з партфелю пляшку піва, нецярпліва абдзірае корак аб спінку пярэдняга фатэля… Зараз усё адно хроніку будуць круціць, а там штодня адно і тое ж. Затое пасля яе — шыкоўная музычная камедыя “Дзяўчына маіх мараў”, пад каторую непагана і з півам параскашаваць!
Прамень кінапраектара кінжальным лязом успорвае паўцемру кіназалы. На экране – кіначасопіс “Раніца маёй рэспублікі”, хроніка штодзённага жыцця. Спярша дэманструецца рубенсаўскае багацце пасляваеннай беларускай вёскі: шчодрыя наліўныя нівы і незлічоныя статкі на сакавітых пашах, на тле каторых шчаслівыя і сытыя калгаснікі спяваюць фальклорныя падзякі таварышу Сталіну. Наступны сюжэт — пра заакіянскіх падпальнікаў вайны, якія спяць і мрояць зрабіць з тых калгаснікаў бяспраўных рабоў, але ж, дзякуючы таварышу Сталіну, сацыялістычная Радзіма мацуе дзяржбяспеку і абарону. Потым – пра беларускую сацыялістычную культуру, якая махрова квітнее з ласкі таварыша Сталіна…
Стомлены гэбэшнік з асалодаю набліжае піўное рыльца да вуснаў, але ж у гэты момант целулоідная стужка недарэчна рвецца, і пільны слых аператыўніка фіксуе з кінапраектарскай той самы мацюг, якім няўлоўная белакрылая істота аблаяла Вялікага Правадыра. Прытым слова гэтае прамаўляецца ў такой жа самай інтанацыяй, проста адзін у адзін! Супадае абсалютна ўсё, рыхтык на грамафоннай плытцы — тэмбр, рытміка і нават артыкуляцыя: глыбокае ўпэўненае “я” і лагоднае беларускае “дзь” пасля яго…
Будзьце пільнымі, таварышы чэкісты, ворагі не спяць у шапку! Эмгэбіст совае адкаркаваную пляшку ў кішэню. З пісталетам напагатоў у адной руцэ і службовым пасведчаннем у другой ён ляціць у каморку кінамеханіка. Тыцкае ашалелага дзядзьку ствалом у нягеглую скронь і шчасліва рыдае:
— Родны!.. Браток!.. Харошы ты мой!.. Паўтары, паўтары, што ты толькі што гаварыў!.. Не, не пра туябня-напарніка, які кінапраектар рэгулярна псуе… Ну, скажы, калі ласка, мне, чэкісту і камуністу: “бля-я-ядзь!..”
Пакуль кінамеханік праз зляканую ікаўку выціскае з перасохлай гартані патрэбнае слова, гэбэшнік спрактыкаваным вокам аглядае кінапраектарную. Фіксуе вачыма агромістую пустую клетку з белымі пёркамі і разумее, што хоць цяпер не памыліўся…
Праз пятнаццаць хвілінаў арыштаваны кінамеханік сядзіць у казённым кабінеце з закратаванымі вокнамі і прышрубаванай да падлогі мэбляй. Спярша ўсё адмаўляе катэгарычна, але пасля трох нямоцных ударах у мозг сумленна пагаджаецца супрацоўнічаць са следствам.
Так, сапраўды, жыў у кінапраектарскай вялізны белы папуга, неяк на Камароўцы з нагоды купіў. Вы ж самі, грамадзяне начальнікі, зразумейце: ад рана да вечара сядзець у цеснай каморцы ды круціць адны і тыя ж фільмы – то звар’яцець можна! Папуга і стаў верным сябрам кінамеханіка: лузгаў сабе семкі і глядзеў фільмы. Больш за ўсё экзатычнаму птаху падабаліся замежныя музычныя камедыі: “Багдадскі злодзей”, “Яго дзяўчына Пятніца”, “Пазнаёмся з Джонам Доў”… Але самай улюбёнай стужкай стала трафейная “Дзяўчына маіх мараў”, якую папуга, як і ўсе савецкія людзі, мог глядзець бясконца.
Як і мае быць, перад легкадумнымі буржуазнымі камедыямі ў “Перамозе” круцілі ідэалагічна паўнавартасную савецкую хроніку, дзе сакральнае імя Іосіфа Вісарыёнавіча прамаўлялася штохвіліны. Стужка ад штодзённага ўжывання рэгулярна рвалася – як след, кінамеханік штохвілінна злаваўся і мацюгаўся. Вось несвядомы папуга механічна і завучыў тыя словы, якія чуў у кінапраектарнай часцей за ўсе астатнія.
А тыдзень таму той крылаты гадаванец у нейкі цуд адкрыў клетку і ўцёк. Можа, вольнаму птаху надакучыла слухаць пра вытворчасць чыгуна і росквіт калгасаў. Можа, схацелася знайсці такі кінатэатр, дзе замежныя камедыі паказваюць адразу, без ірванай “Раніцы маёй рэспублікі”. А, можа, пярнаты прасякнуўся рамантыкай заходніх музычных камедый і паляцеў на пошукі дзяўчыны сваіх мараў, але пошукі тыя вельмі недарэчна распачаў з Палаца МГБ…
… Кінамеханік атрымаў дзесяць гадоў за антысавецкую агітацыю і прапаганду. Уцёклага папугу шукалі ці не год, але так і не знайшлі. Не выключана, што фантастычны птах завербаваў і некаторых мінскіх птушак. І добра, як толькі ў аматары музычных кінакамедый!..
А вось самога генерал-лейтэнанта дзяржбяспекі Лаўрэнція Фаміча Цанаву арыштавалі толькі праз тры гады, у Маскве. Следчыя ў Бутырскай турме рэгулярна лупцавалі гэтага ворага народа па яйцах, выбіваючы прызнанне ў шматлікіх злачынствах. Мажліва, сярод тых абвінавачванняў была і страта чэкісцкае пільнасці, бо падначаленыя былога міністра дзяржбяспекі БССР так і не здолелі абясшкодзіць белакрылага анёла-дыверсанта з мінскага кінатэатра “Перамога”.
ЯК АКТОР ТЭАТРУ ЮНАГА ГЛЕДАЧА СТАЎ ЗОРКАЙ БАЛІВУДУ
Напачатку дзевяностых, калі жалезную заслону канчаткова пабіла іржа, а візавыя парканы яшчэ не загастрыліся, у Індыю падаліся статкі маладых эзатэрыкаў, якія ўважалі сябе прыхільнікамі ўсходніх філасофій і азіяцкіх культаў.
Знайшліся такія і ў мінскім Тэатры юнага гледача.Увогуле, у тэатральным сцеце адэкватных людзей – вобмаль. Цяжка лічыць адэкватным чалавека, які штовечар памірае на дуэлі, і пры гэтым думае, дзе пазычыць на піва.
Наш актор, нядаўні выпускнік тэатральна-мастацкага, быў малады і ўзнёслы. Ён хацеў жыць і паміраць на сцэне ў галоўных ролях, але садыст-рэжысёр прапанаваў шліфаваць майстэрства на “есці пададзена!” Іншы б пачаў піць, як усе нармальныя людзі, і супакоіўся. Але малады спецыяліст знайшоў нетрадыцыйнае выйсце ў паралельны сусвет. Па вечарах, пасля сумных рэпетыцый і руцінных спектакляў, ён старана вывучаў ведычную мудрасць і крышнаіцкія мантры, спрабуючы адшукаць у іх рэцэпт гармоніі з навакольным светам. Рабіў ён гэта ў таварыстве маладой экзальтаванай акторкі, таксама расчараванай у жыцці і ў высокім мастацтве, якую ён спакусіў адвечным законам кармы. У тэатры гэтую парачку ўважалі за небяспечных вар’ятаў, ад якіх варта трымацца падалей.
Невядома, дзе маладзён знайшоў грошы на вандроўку ў Індыю. Мажліва, атрымаў Дзяржаўную прэмію, мажліва, абрабаваў тэатральную касу, а, можа, й выйграў у латэрэю. Але грошай у яго хапіла не толькі на сябе, але і на дзяўчыну, згодную разам з сябрам спасцігнуць усходнія духоўныя практыкі. Пасля размаітых прыемных і не надта прыемных клопатаў маладыя містыкі праз Маскву і Ташкент выляцелі ў Дэлі. У пашпартах іх стаялі доўгатэрміновыя індыйскія візы, у кішэнях храбусцела колькі сотняў даляраў, валізы ўцяжарвалі сакральныя кнігі, а ў галовах плёхаўся грымучы кактэйль з індуізма, дзэн-будзізма, Рэрыха і “Скарбаў Агры”. Мэтай вандроўкі было, па-першае, пачысціць чакры і скарэктаваць кармы, па-другое – адмовіцца ад ацэначных меркаванняў і дасягнуць нірваны, а па-трэцяе – патрапіць у Тыбет і адшукаць там Шамбалу.
Індыя, аднак, аказалася далёка не той чароўнай краінай усходняй мудрасці, як удавалі тэатральныя эзатэрыкі. Перанаселенае пекла, смог, антысанітарыя і бясконцыя жабракі, якія жывуць, ядуць, спяць і адпраўляюць патрэбы проста на ходніках. Па вуліцах бадзяюцца каровы, па гаўбцах шматпавярховікаў шныпараць макакі, а на кожным скрыжаванні сядзіць абкураны марыхуанай садху – мясцовы жывы святы, у зашмальцаванае чалме, у лахманах а-ля Гекельберый Фін і з зялёнымі мухамі ўваччу. Пабачыўшы белых людзей, святы нахабна пераследуе іх колькі кварталаў, прапануючы купіць за сотню рупій сакральны амулет.
У Тыбет маладзёнаў не пусцілі з-за чарговага межрэлігійнага закалоту. У Канпуры хлопец атруціўся ў прыдарожным гандэлку і ледзьве ачуняў. У Варанасі дзяўчына самлела, пабачыўшы, як на беразе Ганга індусы паляць сваіх нябожчыкаў. У будысцкім цэнтры Божх-Гая яны ледзьве ўцяклі ад вулічных бандытаў. А ў чыгуначным пасёлку непадалёк Нагпура здарылася зусім прыкрае: вандраўнікі адсталі ад цягніка, і багаж разам з духоўнай літаратурай і ўсімі грашыма паехаў у Бамбей.
І вось – сітуацыя. Самы цэнтр Індыі, пякельная сонца з нябёсаў, ядучы смурод ад прыдарожных сметнікаў. Ежы практычна няма, пітной вады амаль няма, грошай зусім няма, ёсць толькі пашпарты, якія прадбачлівая акторка заўсёды цягала з сабой. З гэтымі пашпартамі небаракі і вырашылі дабірацца да Бамбею пешкі, каб высвятліць лёс зніклага багажу.
— Нічога страшнага, — падбадзёрвае хлопец. – Я тут па карце глянуў – усяго трыста кэ-мэ засталося! Калі Буда Шак’ямуні цалых два месяцы йшоў у Капілевасту, яму было значна цяжэй!
Сонца паліць, гудрон плавіцца і ліпне да падэшваў, па-над шашою зіхацяць жоўтыя міражы. Маладыя містыкі ўпарта сунуцца ў бамбейскім напрамку, спадзяючыся на лёс, карту і карму.
Праз якую гадзіну карма прыводзіць знясіленых маладзёнаў да вялікай вёскі са студняй, дзе можна спатоліць смагу. Вёска населеная лянотнымі каровамі, нахабнымі макакамі і аўтахтонамі колеру соевых батончыкаў, прытым апошнія паглядаюць на белых гасцей, рыхтык бандэрлогі на іншапланетнікаў. Моўчкі абступаюць поўколам, але ж блізка не падыходзіць і за вопратку не мацаць — баяцца…
Ад базарнага гандэлку наплываюць незямныя пахі нечага тлустага і апетытнага. Дзяўчына прагна цягне носам і ледзьве не млее.
— Мяса бы цяпер!.. – знясілена лапоча яна, асядаючы пад студню.
— А вось Буда Шак’ямуні быў вегетарыянцам! – нагадвае хлопец няўпэўнена.
— На Мінскае мора хачу, на шашлыкі!.. – нібы не чуе дзеўка.
— Мы з табою ў Варанасі бачылі, як індусы тыя шашлыкі смажуць, — змрочна парыруе згаладалы містык.
— Ты ж мужчы-ына, — з трагічнымі абертонамі енчыць акторка. – За-ая, ну прыду-умай што-небудзь!
А што тут, зрэшты, можна прыдумаць? Нічога каштоўнага на продаж з сабою няма. Красці не навучаныя. Прасіць міластыню не ўмеюць, дый тутэйшым жабракам нават яны, прафесійныя акторы, відавочна не канкурэнты. Так што няшчымніца поўная.
Хлопец у роспачы паглядае на поўпразрыстую ад голаду спадарожніцу. Прыслухоўваецца да тужлівага буркатання ва ўласным страўніку. Выцірае спатнелы лоб. Зайздросна пазірае на макаку, якая лянотна трушчаць банан. За чачавічную поліўку ён цяпер згодны хоць прадацца ў рабства, хоць запісацца ў Алавака – стараіндыйскую касту пажыральнікаў трупаў.
А туземцы падыходзяць усё бліжэй, і тут адзін шляхотна прапануе гасцям прэзэнт: апетытны ананас памерам з галаву вулічнай статуі Буды.
Разгублены маладзён недаверліва хаўкае на падарунак і адчувае, што на вочы міжволі наплываюць слёзы падзякі. Усхліпвае, похабкам прыціскае ананас да грудзей, адступае… і нечакана губляе разнавагу. Гародніна ляціць долу, але ж галодны актор з нечаканым жанглёрскім спрытам паспявае яе злавіць і нават застацца пры гэтым на нагах. У выніку ў яго атрымліваецца неверагоднае па — нешта сярэдняе паміж рэверансам Сірано дэ Бержэрака з аднайменнай камедыі Растана і прывітаннем закаханага гамадрыла.
Натоўп шаргаціць нечаканым воплескам, і воплеск гэты імгненна пераходзіць у авацыю. Хлопец ачмурэла лыпае на індусаў, кланяецца і асцярожна падымаецца на дыбачкі, выглядае праз вэнджаныя галовы базарны гандэлак; ён ужо скеміў, якія кунштукі трэба дэманстраваць тутэйшай мэтавай аўдыторыі…
…Увечары актор сядзіць пад пальмамі на цыноўцы, лянотна выкалуплівае трэскай з зубоў смажанае мяса і паблажліва паглядае на акторку: маўляў, толькі добрыя земляробы-арыі, прыхільнікі Вішну і Шывы, здольныя ацаніць нашыя таленты! Правільна нас у тэатральна-мастацкім вучылі: мастацтва трэба несці ў шырокія народныя масы… пры належным фінансаванні! У мяне тут увогуле адна думка з’явілася. Вось, паслухай…
Назаўтра ў індыйскае вёсцы – базарны дзень. Рыпучыя калёсы, суворыя буйвалы, іржавыя фургоны, процьма тубыльцаў з навакольных вёсак. На цэнтральным вясковым пляцу каля гандэлка – наш актор.
— Дзіар френдс! – імпэтны зазывае ён публіку, склаўшы рукі рупарам каля рота. – Ві офер ю э шоў! Спяшайцеся бачыць, толькі адзін раз, праездам з Мінска ў Шамбалу!
Індусы ўвогуле любяць відовішчы, а тут карцінка проста неверагодная для тутэйшых абшараў. На пляцовачцы перад гандэлкам — дзве белыя малпы. Прытым сціплая самачка апранутая ў сексуальныя шорты і паўпразрыстую сакулку, а самец брутальна загрымаваны пры дапамозе жаночае касметыкі на манер Озі Озбарна: падведзеныя тушшу вачніцы, пунсовыя вусны, крывавыя пазногці. Дамінантны самец зухавата ганяе дзяўчыну між пальмаў, агалашаючы паветра першабытным лямантам Кінг-Конга. Ахвяра настаўляе на пераследніка ўказальны палец, удае, што страляе з пісталета і голасна пры гэтым вішчыць: “тра-та-та!..” Але ж кінг-конг даганяе дзеўку, прыкручвае яе да пальмы вяроўкай і люта катуе, малючы на лобе губной памадай свастыку.
Гледачы ад гэтае пантамімы проста шалеюць – адбіваюць у апладысментах ружовыя далонькі, равуць і тупаюць на ўсе джунглі, не раўнуючы, як сланы ў час гону. Шчодра кідаюць у цэлафанавы пакет садавіну-гародніну і дробныя грошы, патрабуючы працягу…
— Такіх аншлагаў нават у нас на прэм’ерах не бывае! – уражана канстатуе пасля спектаклю дзяўчына, раскладаючы банкноты па наміналах. – І адкуль у гэтай Індыі столькі гледачоў?
— Больш за мільярд, – хлопец лянотна сёрбае піва. – А што ты хацела? Краіна “Камасутры”!
Наступным днём стараста суседняе вёскі прапануе вагантам выступіць у іх. Там паўтараецца тое ж самае, толькі цяпер акторы разнастаяць спектакль рознымі дэталькамі ў сада-мазахічнай стылістыцы. У руках хлопца невядома адкуль з’яўляецца пуга-сяміхвостка, рыхтык, як у порнафільмах БДСМ; не стае толькі латэкса, пірсінгаў і ўніформы! А дзяўчына перад сцэнічнае смерцю прымае позу славянскай цнатлівыцы напярэдадні фашысцкага згвалтавання і ўзнёсла чытае “Верш пра камсамольскі білет”, прытым паглядае на старасту вёскі, які пасквапіўся даць грошы, бы геройскі юнак на ворага-жандара.
На треці дзень акторы становяцца пераборлівымі: маўляў, манга з папаяй больш не бярэм, грошы нясіце! Патрабуюць асабісты транспарт з кіроўцам, ўнітаз у трысняговы гатэль і абавязкова — боя з апахалам.
На чацверты валацужныя акторы ўжо не згадваюць пра духоўныя практыкі, па якія адмыслова прыехалі ў Індыю, а вывучаюць мапу штата Махараштра: дбайна пракладаюць гастрольны тур, цынічна рахуюць, колькі яшчэ грошай можна злупіць з даверлівых і наіўных індусаў.
А праз тыдзень пра іх здымае сюжэт мясцовая тэлевізія. Журналіст з павагай пытаецца – адкуль вы, маўляў, індыйскі эпас так добра ведаеце? Ды які там эпас, здзіўляецца хлопец, гэта ж фінальная частка п’есы “Зіна Партнова”, мы яе ў ЦЮГу ставілі! Была такая піянерка-гераіня… хіба не чулі, як гестапа закатавала і свастыку на лобе выпаліла!
Індыйскі журналіст уражаны сціпласцю белых. Якія людзі! Як яны добра ведаюць класічны індыйскі сюжэт “Рамаяна”! Як пераканаўча данеслі да гледача сцэну, дзе ўладар дэманаў Равана прапануе прыўкраснай каралеўне Сіце багацце і ўладу, малючы на яе лобе сакральны сымболь свастыкі!
Па хуткім часе стомленая трупа, нагадаваная індыйскім вясковым харчам і разбэшчаная шалёным поспехам, нарэшце прыбывае ў Бамбей. Шукаць зніклыя чамаданы з сакральнымі тэкстамі не спяшаюцца. Засяляюцца ў дарагі гатэль, замаўляюць у нумар лобстэраў пад сухое віно. Паглядаюць з гаўбца на панараму начнога горада і прасветлена пасміхаюцца адзін адному. Віза заканчваецца, днямі ў Мінск, а так не хочацца з’яжджаць з гэтай чароўнай краіны, спрэс населенай такімі ўдзячнымі, а, галоўнае, шчодрымі тэатраламі! Але ж усяму рана ці позна надыходзіць край, у тым ліку і ўсходнім казкам.
Зрэшты, казка толькі пачынаецца…
У дзверы дэлікатна грукаюць. На парозе – гэткі сярэдневечны раджа ў сучасным індыйскім фармаце: элегантный стройчык ад Valentino, міліянерская цыгара ў зубах, дыямантавыя пярсцёнкі на пальцах. Я, маўляў, прадусар адной з тутэйшых кінкампаній, бачыў пра вас сюжэт у тэленавінах, надта мне спадабаліся ваш адметны твар і экспрэсіўная манера выканання, хочам прапанаваць вам, малады чалавек, прайсці кастынг. Што значыцца, дзе? У Балівудзе!
Так актор з мінскага Тэатру юнага гледача стаў ці не самым запатрабаваным выканаўцам роляў другога плану на індыйскай фабрыцы мрой. Аказваецца, удзел белых у тамтэйшых кінастужках надзвычай падвышае іх рэйтынгі. Індусу надта прыемна глядзець на еўрапейца ў ролі лёкая ці падмятальшчыка, бо гэта дае псіхалагічны рэванш за доўгі каланіяльны прыгнёт. Вядома, Балівуд – не Галівуд, але пяцьдзесят даляраў за адзін здымачны дзень на ўсім гатовым – значна больш, чым плацяць у мінскім Тэатры юнага гледача.
А вось дзяўчыне кантракт не прапанавалі з прычыны яе хударлявасці, бо індусы любяць пераважна вялікіх і тлустых жанчын з мажнымі цыцкамі і магутнымі сцёгнамі. У выніку акторка пакрыўдзілася і на прадусара, і на актора, і на Індыю і вярнулася на радзіму, дзе, па чутках, цяпер спецыялізуецца на ролях Снегуркі і практыкуе тантрычны сэкс.
І ўсё гэта натуральным чынам наводзіць на думкі пра неспасціжімысць чалавецкіх лёсаў і непрадказальнасць іх кармаў!
Да біяграфіі аўтара

Leave a Reply