Сяргей Жадан. Вершы

Пераклад Алега Жлуткі

***

Гэта жыццём і завецца —
яе сэрца размерана б’ецца,
паглянь на медычныя карткі,
праяздныя ў разводах саляркі,
бутэлькі пад новы кактэйль,
туш на канцах доўгіх вей,
заўважыў — час прападае, калі яна засынае?…

Гэта і ёсць барацьба — чорная ска труба,
братэрскія, з хрыпам, басы,
стамлёныя галасы,
восеньскія гарады,
ейная гарката,
церпкасць, якая знікае,
калі яна замаўкае.

Калі выдаляе лісты,
пакідае усе пасты,
падае ў сненне сваё.
Калі усё, што ў нас ё:
заплатаны рэчмяшок,
кнігі з чытальняў і рок,
армейскі абутак, кацёл,
гэта і ёсць жыццё.

Калі мучыць прастуда старая,
калі яна замірае
і гаворыць, не паспяшай,
лепей трохі пазней, давай
іншым разам, бяры
выгаралыя штандары,
якія нясу сама -
часу хопіць, яго больш няма.
Месяц у ейных руках,
змеі сыкаюць з пляцака,
спевы ў яе галаве —
хор ракой неспатольнай раве!

***

Заводы ў дажджы, нібы у жалобе,
Дождж над мастамі ляціць, мінае.
Сама вырашай – ці прызнацца ў хваробе,
Ці хай і надалей ніхто з іх ня знае.

Сама потым вернешся, калі захочаш,
Калі забудзеш пра забароны.
Сядзіш і ўспаміны перакочваеш,
Як коцяць па рэйках пустыя вагоны.

Набраклае вільгаццю падваконне
Нібы нечы схоў, назаўжды апусцелы,
І дым вылятае з высокага коміна,
Нібыта душа з памерлага цела.

І доўга глядзіш, нібы на развітанне,
На калідоры й варштатаў раць,
Ты маеш адказы на ўсе пытанні,
Якія ніхто не захоча задаць.

2009

Leave a Reply