В. Кахновіч. Гісторыя каланізацыі і асваення Паўночнага Прычарнамор’я (XVIII–пачатак ХХ ст.)

Даклад прачытаны на круглым стале ў пасольстве Украіны ў Беларусі “Ці існуе Наваросія?”

У кантэксце апошніх падзей надзвычай актуальнае гучанне набылі пытанні з гісторыі і сучаснасці Украіны. Сярод іх заўважная і праблема «Наваросіі». Перадусім, з гістарычнага боку, важна раскрыць змест гэтага прасторава-гістарычнага вызначэння, а таксама акрэсліць этна-гістарычны кантэкст напаўнення гэтага надзвычай палітызаванага на сёння панятку.

Па-першае, панятак «Наваросіі» – дастаткова позні і спекулятыўны. Так, вядома, што 22 сакавіка 1764 г. указам Кацярыны ІІ была створана новая Наварасійская губерня ў складзе т.зв. Новай Сербіі і Новаслабадскога казачага палку [1, с.53]. Пасля таго як у жніўні 1775 г. была скасавана Запарожская Сеч, яе землі ў 1776г. таксама далучаліся да Новарасійскай губерніі [1, с.55]. Уласна кажучы, у гэтым і палягала першачарговая задума новай губерніі – інкарпарацыя ва ўніфікаваную адміністратыўна-палітычную і сацыяльна-палітычную сістэму спецыфічнага казацка-ўкраінскага рэгіёну і вобласці качавікоў на поўнач ад Чорнага і Азоўскага мораў. Заўважым, што менавіта па ініцыятыве Г.А. Пацёмкіна да Наварасійскай губерніадыйшлі абшары паўднёвых частак Слабажыншчыны, Гетманшчыны і Правабярэжжа, а таксама землі, што былі забраныя ў Асманскай імперыі пасля пераможных для Расіі войнаў (1768–1774 і 1787–1791 гг.) – у 1774 г. паміж Днепром і Бугам і «бар’ерныя землі» (Азоў, Марыупаль), у 1783 г. – Крым, у 1791 г. – паміж Бугам і Днястром (Ачакаўская вобласць) [1, с.53].

Такім чынам сфарміраваўся абсяг зямель, на якія ўмоўна пашыраецца тэрмін «Наваросіі» ў сэнсе сіноніма Наварасійскай губерніі. Між тым, тэрытарыяльнае акрэсленне гэтага тэрміну заставалася дастаткова ўмоўным, паколькі Наварасійская губерня зазнавала шэраг рэарганізацый і пераўтварэнняў. Так, у 1775 г., у сувязі з адыходам да Наваросіі зямель Запарожскай Сечы, яе ўсходняя частка была вылучана ў Азоўскую губерню. Аднак, ужо ў сакавіку 1783 г. Наварасійская і Азоўская губерні былі злучаны ў межах новай Екацярынаслаўскай губерні, пакуль у снежні 1796 г. абшару не быў вернуты назоў Наварасійскай губерні [1, с.61, 63]. Затым ужо ў кастрычніку 1802 г. яна была падзелена на тры новыя губерні: Мікалаеўскую (Херсонскую), Таўрычаскую, Кацярынаслаўскую. Менавіта гэтыя губерні падпарадкоўваліся ў ХІХ ст. наварасійскага генерал-губернатару з рэзідэнцыяй у Адэсе. Новарасійскае і бессарабскае генерал-губернатарства існавала да 1874 г. і апасля яго скасавання межы «Наваросіі» сталі вельмі ўмоўнымі: часам да Наварасійскага краю далучалі і Бесарабію, і Кубанскую вобласць, і Вобласць Войска Данского, і Стаўрапольшчыну [2]. Але найчасцей да краю адносілі абшар Наварасійскай губерні па стану на 1796 г.

Менавіта такім чынам, у межах акрэсленых вышэй трох губерняў, разумелі абрысы краю даследчыкі і публіцысты як ХІХ ст., так і ХХ ст. Напрыклад, першыя выдатныя даследчыкі рэгіёну Апалон Аляксандравіч Скалькоўскі (1830-я гг.) і Дзмітрый Іванавіч Багалей (1880-я гг.) [3; 4].Між тымзахоўвалася няпэўнасць, што да асобных раёнаў з прыналежнасцю іх Наварасійскаму краю: так, Багалей да «Наваросіі» альбо «наварасійскага стэпу» адносіў тры згаданыя губерні, але без Крыму [4, с.5].

Новае разуменне краю і самое Украіны з’явілася як вынік нацыянальна-вызваленчых і рэвалюцыйных працэсаў у пачатку ХХ ст. [5, с.10]. У 1918 г. Кацярынаслаўская, Таўрычаская (без Крыму) і Херсонская губерні сталі часцінай Украінскай дзяржавы (УНР). Затым гэты рэгіён стаў часткай УССР, і ўжо ў 1920-я гг. з’явілася разуменне даследчыкамі краю як Паўднёвай Украіны. Тэрмін гэты стаў сталым і пашыраўся на землі Украіны, што інтэнсіўна каланізаваліся менавіта ў апошняй траціне XVIII– XIX стст., зн. колішнія землі «Ханскай Украіны», Запарожскай Сечы і Наваросіі. Напрыклад, Наталля Палонская-Васіленка, адзін з піянераў у вывучэнні дадзенай праблематыкі, у сваіх працах у 1940-я гг. выразна пісала аб каланізацыі гэтых зямель менавіта як Паўднёвай Украіны [6]. Агульна, у савецкі час тэрмін «Наваросія» справядліва лічыўся анахранізмам і не ўжываўся праз свой зневажальна-каланізатарскі акцэнт [7; 8]. Напрыклад, выдатная савецкая даследчыца асваення краю Алена Іосіфаўна Дружыніна ў працах 1959 і 1970 гг. выкарыстоўвала як раўназначныя тэміны «Паўночнае Прычарнамор’е» і «Паўднёвая Украіна»[9; 10]. Гэта і зразумела з улікам таго, што была задэкларавана стратэгія Савецкага Саюзу – права народаў на самавызначэнне як легальнае, намінальна рэальнае раўнапраўе, спосаб жа сумеснага жыцця розных нацый і этнасаў вызначаўся як «дружба народаў».

У 1969 г. у доктарскай дысертацыі В.М. Кабузана адбілася выкарыстанне як сінанімічных тэмінаў «Паўночнае Прычарнамор’е» і «Наваросія» [11]. Затым гэты даследчык шырока ўжываў тэрмін «Наваросія» – менавіта для трох акрэсленных вышэй губерняў і ў сувязі з гістарычным кантэкстам для XVIII ст. і ХІХ ст. Прычым у даследаваннях Кабузан рэтраспектыўна пашыраў тэрмін «Наваросія» на час да 1764 г. на тэрыторыі Запарожскай Сечы і Бахмуцкай вобласці [1, с.50–53, 70–79]. Тое ж у пазнейшых сваіх працах ён карыстаўся тэрмінам «Наваросія» як звыклым, напрыклад калі прыводзіў сваі шырокія статыстычныя выкладкі [12, с.103–107, 127, 135, 159, 163; 13]. Трэба прызнаць, што ў гэтым ужо праглядалася пэўная рэабілітацыя імперскіх кантрукцый. Між тым, для большасці савецкіх і постсавецкіх аўтараў, найперш археолагаў, даследчыкаў Антычнасці і культуролагаў – ужывальнасць набыў тэрмін «Паўночнае Прычарнамор’е» («Скіфія», «Сарматыя»)[1], прычым – як для расійскіх [14; 15; 16; 17; 18], так і ўкраінскіх аўтараў [19; 20; 21; 22; 23]. Для ўкраінскіх даследчыкаў ужывальны тэрмін «Паўночнае Прычарнамор’е» таксама датычна гісторыі краю ў ХІХ – ХХ стст. [24; 25]. Поруч з тым, для сучасных аўтараў карэктны і найбольш прызнаны тэрмін «Паўднёвая Украіна» [26; 27; 28; 29; 30; 31; 32].

Паўднёвая Україна для часу ХІХ – пачатку ХХ ст. ужываецца пашырана і на Данбас, што зараз стаў рэгіёнам узброеннага канфлікта. У кантэксце размежавання між УССР і РСФСР гэты рэгіён яшчэ ў 1920-я гг. пачаў абазначацца як «Усходняя Украіна», «усходнія раёны Украіны» [33].

Вывучэнню засялення і асваення Паўднёвай Украіны вялікую ўвагу прыдзялялі выбітныя ўкраінскія гісторыкі Д.І. Багалей і М.С. Грушэўскі. Так, Грушэўскі акрэсліваў «украінскі рух на ўсход» з канца XVI ст. і да ХІХ ст. як няспыннае прасоўванне ўкраінскіх пасяленцаў (казакаў, сялянаў, мяшчанаў) на ўсходзе да рэк Дон, Астрагошча і Сасна, а пасля падзення Крыскага ханства – таксама на поздзень да берагоў Азоўскага і Чорнага мораў. Гэта быў своеасаблівы «ўкраінскі Новы свет», дзе украінскі селянін шукаў сабе свабоды ад панскай эксплуатацыі і месца для прыкладання працоўных высілкаў. Такім чынам, паводле Грушэўскага, сфарміраваўся «вялізная і надзвычай аднародная па мове і ў этнаграфічных адносінах вобласць так званага паўднёва-ўсходняга дыялекту» [33, с.217]. Вялікі ўнёсак у вывучэнне асваення краю зрабілі Н.Д. Палонская-Васіленка, А.І. Дружыніна, Я.В. Бойка, В.М. Кабузан, а таксама шэраг сучасных украінскіх гісторыкаў і краязнаўцаў.

Агульна, пачатак Паўднёвай Украіны адносіцца, як і «Наваросіі» – паводле Д.І. Багалея – да сярэдзіны XVI ст., калі ў краі аселі запарожскія казакі [4, c.20]. Да 1594 г., калі запарожцы ўпершыню займелі прызнанне як асобны суб’ект у міждзяржаўных стасунках, казакоў налічвалася 6 тысяч чалавек [4, c.22]. Росквіт запарожскага казацтва прыйшоўся на першую палову XVIIст. і спрычыніўся да ўзнікнення казацкай Украінскай дзяржаўнасці ў сярэдзіне XVIIст. Да 1775 г., з перарывам у 1709–1734 гг., існавала вялікая тэрыторыя, што належала Вольнасцям Войска Запарожскага. Адміністратыўнай адзінкай Запарожскай Сечы былі паланкі, у т.л. яшчэ ў другой палове XVIIст., паводле А.А. Скалькоўскага, існавала Каліміуская паланка, што ахоплівала тэрыторыю сучаснага ўкраінскага Данбасу. У той жа час паўночней былі пасяленні Ізюмскага і Астрагожскага слабадскіх палкоў.

На пачатак XVIIIст. найбольш населеным ускрайкам была Бахмуцкая правінцыі (павета), што было звязана са здабычай солі [1, c.50]. Тое былі амаль выключна выхадцы са Слабажаншчыны (украінцы), якіх у 1730-я гг. налічвалася 3385 душ. Аднак у 1736 г. раён спазнаў вынішчальны татарскі набег, пасля чаго засталося 799 жыхароў [1, c.72]. Разам з тым, у сілу знешнепалітычных абставін у паўночнай частцы Паўднёвай Украіны было амаль бязлюдна па стану на першую палову XVIIIст. [1, с.50]. Праходзіла павольная каланізацыя зямель выхадцамі з найбольш паўднёвых Міргарадскага і Палтаўскага палкоў Гетмашчыны, а таксама яшчэ больш павольны рух насельнікаў з Падолля, Кіеўшчыны і Валыні на Правабярэжжы. Апроч таго некаторая частка ўкраінскага і малдаўскага насельніцтва пражывала з XVIIст. пад юрысдыкцыяй крымскага хана («Ханская Украіна»; Алешкаўская Сеч), а таксама ў Ачакаўскім вілаеце – пад непасрэднай юрысдыкцыяй туркаў. Лік гэтага насельніцтва, і нават ацэначна, не вядомы.

Новы штуршок у асваенні краю паклала аднаўленне ў 1734 г. Запарожскай (Новай) Сечы. У абставінах таго часу Новая Сеч не замінала прытоку каланістаў – беглых казакаў і сялянаў. Разам з тым, у 1750-я гг. расійскі імперскі ўрад паспрабаваў перахапіць ініцыятыву ў асваенні Паўночнага Прычарнамор’я. У многім гэты працэс развіваўся сінхронна з вынікамі расійска-турэцкіх ваенных сутыкненняў, а таксама працэсамі імперскага падпарадкавання ўкраінска-казацкіх аўтаномій (Запарожская Сеч, Гетманшчына, слабадскія палкі). У 1751 г. i1753 г. новымі імперскімі механізмамі каланізацыі краю сталі Новая Сербія і Славяна-Сербія, што размяшчаліся на казацкіх тэрыторыях, але пад расійскай юрысдыкцыяй.

Новая Сербія цягнулася вузкай паласой паміж тэрыторыяй польскай кароны і стэпам, што належаў Вольнасцям Войска Запарожскага ад Дняпра ў раёне Крэменчуга і на захад да р. Сінюха (паўночная частка сучаснай Кіраваградскай вобласці Украіны). Відавочна, тое было зроблена каб адсекчы падначаленную Польшчы Правабярэжную Украіну ад паўночнага Прычарнамор’я. Звернем увагу і на тое, што хоць заснавалі «Новасербскае селішча» (як тое яно называлася ўласна ва ўказе 1764 г. [34, с.659]), выхадцы з Сербіі ў 1751 г., галоўнымі насельнікамі яго сталі ўкраінскія казакі, перасяленцы ў Задняпроўе з Міргарадскага і Палтаўскіх палкоў. З іх ужо ў 1753 г. быў створаны Новаслабодскі полк (каля 6 тыс. чал.). Да 1764 г. колькасць жыхароў палка дасягала 20 тыс. чал. і абсалютную большасць з іх, натуральна, складалі ўкраінцы [1, с.51–52].Разам з тым, як пісаў Д.І. Багалей са спасылкай на відавочцаў, іншаземцы (балгары, валахі, малдаване) у Новай Сербіі і Славяна-Сербіі хутка ўкраінізаваліся («амаларосьваліся»), успрымалі і мову і паўсядзённую культуру [4, с.83].

У 1764 г. па ініцыяве сенатараў Мікіты Івановіча і графа Пятра Паніна была створана Наварасійская губерня. Цікава, што ва ўказе гаварылася аб пераўтварэнні менавіта «новай Сербіі» ў Наварасійскую губерню і толькі з тэксту заканадаўчага акта вынікала, што да губерні адыдзе крэпасць Св. Елізаветы (сённяшні Кіраваград), тады цэнтр Новаслабадскога палка, і сам полк [34, с.657–663]. Характэрная задача, што была пастаўлена ва ўказе губернатару новай адміністратыўнай адзінкі: «…чырвонай лініяй акрэслена са стэпу, што зараз запарожцы прысвойваюць, да селішча (Наваросіі – В.К.), (…) далучыць» [34, с.659]. Важна звярнуць увагу і натое, што правы казачага палку як самакіруемага ўтварэння былі абмежаваныя, і замест яго уводзіліся гусарскі і пікінерскі палкі. Такім чынам, адпачатку было імперскімі ўладамі акрэслена, што Наварасійская губерня ёсць інструмент каланізацыі абшараў і выцяснення Вольнасці Войска Запарожскага. У доказ таго гаворыць і тое, што ўжо ў 1764 г. да новай губерні былі далучаны 2 сотні Міргарадскага палку, 13 соцен Палтаўскага палка і Ўкраінская ўмацаваная лінія (18 крэпасцей) з прылеглымі селішчамі, а таксама Славянасербія і Бахмуцкая акруга – на тэрыторыі сучаснага Данбасу [1, с.53].

Да 1770-х гг. засяленне і гаспадарчае асваенне паўднёваўкраіснкіх стэпаў было вельмі павольным. Так, у 1740-я гг., пасля таго як землі Запарожскай Сечы былі вернутыя з-пад пратэкцыі Турцыі і Крымскага ханства, было заснавана да 40 «задняпроўскіх месцаў» з насельніцтвам у 11,5 тыс. чал., з якіх блізу 10 тыс. чал. складалі запарожскія казакі [1, с.79]. Вядома, што ўжо з 80-х гг. XVII ст. пэўная колькасць пасяленняў украінцаў і малдаван знаходзілася пад асманскай і крымскай пратэкцыяй. Напрыклад, гэта не толькі Алешкаўская альбо Задунайскай Сечы, але і шэраг паселішчаў па рэках Днестр і Буг у Ачакаўскім вілаеце. У межах жа адноўленнай у 1734 г. Новай Сечы актыўна адбывалася стыхійная гаспадарчая каланізацыя за рахунак сялян-перасяленцаў з Левабярэжжа і Правабярэжжа, што дасягала, па ацэнках, 100 тыс. чал. Вырасла колькасць адміністратыўных адзінак Сечы – паланак: калі ў 1734 г. іх было 5 (Кадацкая, Бугагардаўская, Інгульская, Самарская, Кальміўская), то ў 1766 г. з’явілася яшчэ 3 новыя (Пратаўчанская, Арэльская, Прагноінская). Гэта сведчыла аб інтэнсіўным гаспадарчым асваенні і засяленні краю. У 4-х паланках жылі беглыя ўкраінскія сяляне.

Больш дакладна дазволілі В.М. Кабузану вывучыць дэмаграфічныя працэсы ў краі матэрыялы імперскіх расійскіх рэвізій падатнага насельніцтва і справаздачы губернатараў, а таксама апісанні афіцэраў-геадэзістаў. Звесткі, што ім прыводзяцца – каштоўныя, але на жаль, не поўныя, бо Кабузанам не бралася ў разлік Таўрычаская губерня – асаблівая і з позняй каланізацыяй [1, с.5], праз што недаўлічаным застаўся істотны лік турэцка-татарскага насельніцтва краю. Тым не меней, агульна насельніцтва «Наваросіі» змянялася наступным чынам: у 1764 г. было 72899 жыхароў, в 1775 г. – 127364 тыс., у 1781 г. – 157526 чел. , у 1793 г. – 242288 чал., у 1797 г. – 343696 чал., у 1806 г. – 413506 чал., у 1817 г. – 529831 чал., у 1834 г. – 652844 чал., в 1854 г. – 934429 чал. [1, с.121, 130, 276, 277]. Менавіта ў 1770-я гг. пачаўся істотнае павелічэнне тэмпаў прытоку насельніцтва ў рэгіён. Гэта было звязана са знікненнем пагрозы татарскіх набегаў, што раней былі вельмі адчувальнымі. Так, у 1769 г. татары спалілі 150 паселішчаў і вывелі в палон да 20 тыс. чал. [1, с.257], альбo да ¼ усіх насельнікаў рэгіёну.

У сярэдзіне XVIII ст. сярод перасяленцаў у Паўночне Прычарнамор’е ўкраінцы каланізавалася амаль ў роўных да малдаван прапорцыях. Менавіта гэтыя два народы складалі асноўны масіў перасяленцаў, за дадаткам расіян-старавераў (да 1/10 пасяленцаў) і прадстаўнікоў іншых народаў у малазаўважнай колькасці [1, с.98]. У 1770-я гг. прапорцыі змяніліся і ўкраінцы складалі ўжо 65,37 % пасяленцаў, а ў 1780-я гг. – 72,1 % жыхароў краю, тады як на другой і трэцяй пазіцыях заставаліся малдаване (15–8 %) і расіяне (12–14 %) [1, с.257, 267]. Гарадское насельніцтва рэгіёну доўгі час заставалася адносна нешматлікім, яно дрэнна падвяргалася ўліку да канца 1840-х гг. У той жа час вядома, што дастаткова хутка раслі асобныя гарады-парты на ўзбярэжжы. У 1778 г. быў заснаваны Херсон, у 1780-я гг. – 9 гарадоў, у т.л. Мікалаеў, Марыупаль, Севастопаль, у 1796 г. – Адэса [10, с.12]. Прыморскія гарады хутка раслі і сталі важнымі гандлёвымі партамі.

Найбольшую плыню перасяленцаў у край складалі дзяржаўныя сяляне. Так, яшчэ ў чэрвені 1781 г. быў выдадзены ўказ аб прымусовым перасяленні ў край 24 тысячаў дзяржаўных і 26 тысячаў памешчыцкіх (прыватнаўласніцкіх) сялянаў, аднак памешчыкі так і не змаглі наладзіць перасяленне ў край значных масаў прыгонных сялянаў, тады як дзяржаўныя сяляне ў плыні перасяленцаў складалі ад 72 да 75 % [1, с.127, 130]. Да прыкладу, у 1781 г. на тэрыторыі колішняй Запарожскай Сечы са 157526 жыхароў 72,1 % складалі дзяржаўныя сяляне, а прыватнаўласніцкія – 27,9 % [1, c.130]. Галоўная плыня перасяленцаў ішла на той час з Гетманшчыны. Істотную частку перасяленцаў (да 40 %) складалі беглыя перасяленцы-сяляне. Так, у 1783–1795 гг. з Кіеўскай губерні выбыла 28187 чал., з якіх 80,1 % складалі беглыя, што, паводле В.М. Кабузана, кіраваліся ў Паўночные Прычарнамор’е [1, c.159, 192]. Тая ж тэндэнцыя захоўвалася і ў першай палове ХІХ ст. Важнае значэнне ў прыцягненні каланістаў складалі вольнасці (6 і 12-гадовыя льготы на падаткі, дастаткова свабоднае надзяленне зямельных участкаў, грашовыя і матэрыяльныя заахвочванні). У першай чвэрці ХІХ ст. часова вырасла значэнне прымусовага перасялення прыватнаўласніцкіх (памешчыцкіх) сялянаў. Гэта было звязана з тым, што пасля 1801 г. расійскі імператар больш не жалаваў дваранам маёнкі з прыгоннымі, а толькі ненаселеныя маёнткі. Шмат такіх маёнткаў было раздадзена ў Паўночным Прычарнамор’і каб заахвоціць буйных памешчыкаў (Варанцовы, Мекленбург-Стрэліцкія, Абаза і інш.) засяляць новыя маёнткі сваімі сялянамі. Памешчыкі авалодалі паловай усіх земляў у рэгіёне [35, c.42]. Як вынік, да 1830-х гг. дзяржаўныя сяляне складалі 53 % пасяленцаў, а прыватныя – 40,65 %. Таксама да 15 % сярод насельніцтва ўзрасла доля прадстаўнікоў гарадскіх саслоўяў [1, c.182]. У той жа час была спроба насадзіць у краі ваенныя пасяленні. Аднак рэсурс прымусова-дзяржаўнай каланізацыі аказаўся абмежаваным і дорага каштаваў. У выніку з 1830-х гг. зноў вырасла доля перасяленцаў з дзяржаўных сялян «самацёкам» – да 75 % [1, c.211]. Важна заўважыць, што да 70 % сярод усіх перасяленцаў складалі выхадцы з украінскіх Палтаўскай і Чарнігаўскай губерняў [1, c.183].

Новай і важнай з’явай ў каланізацыі краю, асабліва моцнай на мяжы XVIIIі XIXстст. і ў 1860–1870-я гг., стала плыня ў край каланістаў-іншаземцаў – немцаў, а таксама балгараў, грэкаў, чэхаў, валахаў і малдаван. Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 1764 г. Кацярына ІІ увяла шэраг указаў каб заахвоціць нямецкую каланізацыю на вольныя землі імперыі, істотным прыток перасяленцаў ў Прычарнамор’е стаў пазней (1780-я гг.). Прычынамі таму былі сацыяльныя і эканамічныя наступствы мадэрнізацыі ды перанаселенасць многіх нямецкіх рэгіёнаў. У выніку да канца ХІХ ст. у межах трох паўднёваўкраінскіх губерняў пражывала звыш 300 тыс. немцаў (4,5 % жыхароў). Асабліва шмат іх было ў акрузе Бердзянску і Мелітопалю. У той жа час, напрыклад, улады ажыццяўлялі ціск на мясцовае мусульманскае насельніцтва і выхтурхоўвалі яго з краю: да сярэдзіны ХІХ ст. большая частка татар Таўрыі была пазбаўлена зямлі (іх правы на зямлю не зацвярджалася заканадаўча), і пасля 1856 г. вымушана была выехаць у Турцыю [35, с.47]. У сярэдзіне ХІХ ст. у нагайцаў Паўночнага Прыазоўя было адабрана у казну шмат зямель, на якія ў 1860-я гг. былі скіраваны каланісты (басейн р. Малочнай, напрыклад) [26, с.74].

Трэба сказаць, што засяленне і гаспадарчае асваенне краю не было простым, нават пасля спынення набегаў качэўнікаў. Вялікая частка каланістаў была беглымі сялянамі з мізернай уласнасцю і без магчымасцей напачатку завесці моцную гаспадарку. Між тым, дзяржаве грошай не выстачала нават для заахвочвання каланістаў-іншаземцаў [1, c.193]. Менавіта гэта тлумачыла перасяленне ў край пераважна дзяржаўных сялян, што самі неслі цяжар выдаткаў на перасяленне. Былі і іншыя чыннікі, што істотна абмяжоўвалі поспех гаспадаркі ў краі: «гібельныя неўраджаі» і засухі (1794, 1833, 1834, 1840-я гг. і інш.), перыядычныя нашэсці саранчы, эпізаотыі [1, с.214; 9, с.209; 35, с.58–59]. Як вынік, у першай палове ХІХ ст. ураджайнасць пасеваў заставалася нізкай у сялянаў (сам-3, сам-2,5) і памешчыкаў (сам-3,4) [35, с.61; 1, c.231]. Дамінавала традыцыйная украінская сялянская стэпавая гаспадарка са сваім усталенным ладам і парадкам гаспадарчых практык. Яна аказалася прыстасаваная да паспяховага асваення Прычарнамор’я: напрыклад, найбольш прыдатным да ўмоваў краю аказаўся ўкраінскі цяжкі плуг для запрэжкі з валоў [9, c.72]. З усталеннем асноўнай масы перасяленцаў, у 1840-я гг. назіраўся якасны зрух у гаспадарцы: замест жывёлагалоўлі на першае места выйшла земляробства, амаль удвая узрасло і пагалоўе жывёлы, пашырыліся новыя віды гародніны (баклажаны, перцы, таматы), кукуруза [1, c.233; 35, c.72]. У вялікай ступені тое было звязана з прагрэсам гаспадаркі ў каланістаў і прадпрымальніцтвам мясцовых памешчыкаў. Напрыклад, у каланістаў ужо тады шырока пашыраным было чатырохполле, набыццё і выкарыстанне новага і якаснага сельскагаспадарчага інвентару, высеў тэхнічных культур (лён, сланечнік, тытунь, інш.) і інтэнсіўны палявы зварот сельгаскультураў, добры догляд за жывёлай [35, c.63, 83]. Да прыкладу, ужо ў 1840-я гг. ураджайнасць у каланістаў складала сам-5 (азімыя) і сам-7,5 (яравыя) [35, c.60]. У той жа час эканамічныя ініцыятывы уладаў былі (не гаворачы пра развіццё гарадоў і міжнароднага гандлю, але пра сельскую гаспадарку, ветэрынарную справу, медыцыну, адукацыю) мінімальнымі. Так, толькі ў 1850-я гг. мясцовая імперская адміністрацыя арганізавала барацьбу з саранчой [35, c.71]. Альбо, пры наяўнасці актаў аб льготах каланістам, да чэрвеня 1889 г. не былі заканадаўча акрэслены магчымасці для перасялення не-іншаземцаў [26, с.71].

Якасна сітуацыя змяняецца пасля скасавання прыгоннага права ў імпрыі ў 1861 г. Да таго ў мясцовых памешчыкаў было мала прыгонных і яныўжо шырока выкарыстоўвалі найм рабочай сілы. Наогул, умовы краю (урадлівыя і шматлікія землі, блізкія парты, попыт на зерне ў Еўропе і гарадах Расійскай імперыі) заахвочвалі мясцовых землеўласнікаў усіх катэгорыяў да прадпрымальніцкай ініцыятывы. У новых абставінах былі зняты многія заканадаўчыя абмежаванні для вольнага прадпрымальніцтва. Разам з тым пачалося і актыўнае пранікненне іншаземнага капіталу ў прамыловасць (Данбас, гарады Украіны) і іншыя сферы гаспадаркі. З.В. Першына адзначала: адметнай асаблівасцю краю было тое, што тут, у адрозненне ад амаль усёй імперыі, моцна заявіў аб сабе капіталізм у аграрнай сферы як у сялянскай гаспадарцы (гаспадарылі ў краі пераважна свабодныя сяляне), так і ў гаспадарцы памешчыкаў [8, с.4–5]. Так, сучасныя ўкраінскія даследчыкі (Н.Р. Цямірава, Л.Ф. Цыганкова, Ю.В. Канстанцінава) адзначаюць інтэнсіўны і разнабакова развіты характар гаспадарак у мясцовых памешчыкаў. Тое ж датычыць і гаспадаркі каланістаў [29].

Як вынік збегу усіх гэтых спрыяльных абставінаў, у 1860–1890-я гг. назіраўся хуткі прыток насельніцтва звонку і дэмаграфічны ўзрыў унутры краю: у Херсонскай губерні насельніцтва вырасла ўдвая, у Кацярынаслаўскай – амаль у 3 разы [26, с.117]. Як і раней дамінаваў прыток украінскага насельніцтва: з Правабярэжжа – 58,2 %, Левабярэжжа – 16,2 %, у т.л. з Кіеўскай губерні – 30,2 % перасяленцаў, з Падольскай – 21,1 %, Палтаўскай – 10,5 % [26, с.117]. Вялікія поспехі рабіла гаспадарчая і агульная культура ў краі, чаму спрычынялася прыватная ініцыятыва і дзейнасць земскага ды гарадскога самакіравання. Спецыфічны характар набылі працэсы гаспадарчага развіцця Данбасу, што паўстаў на пачатак ХХ ст. перадавым індустрыяльным раёнам у межах Расійскай імперыі. Тут з’яўляліся і хутка раслі новыя гарады: Юзаўка (Данецк), Луганск.

Нягледзячы на прыток і каланістаў-расійцаў, і іншаземцаў, і на пры канцы ХІХ ст. у краі дамінавала менавіта ўкраінскае насельніцтва. Так, агульна ў межах трох губерняў пражывала да 6,3 млн жыхароў, з якіх 3,53 млн або 56,1 % складалі ўкраінцы, тады як расіяне 21,4 %, яўрэі – 7,6 %, немцы – 4,5 %, татары – 3,5 % (Табліца 1) [Первая всеобщая перепись населения Российской империи. 1897 г.: т. XIII: Екатеринославская губерния, СПб., 1904, с.92–96; т. XLI: Таврическая губерния, СПб., 1904, с.94–97; т. XLVII: Херсонская губерния, СПб., 1904, с.90–95].

Склад насельніцтва па асобным губерням заўважна адрозніваўся. Але паўсюдна дамінавала украінская нацыянальная складаючая. Найбольш украінцаў было на землях колішняй Запарожскай Сечы (да 70 %), менш было іх у межах колішняга Крымскага ханства (Таўрычаская губернія) – крыху больш за 42 %. У Таўрыі па-ранейшаму шмат (да 14 %) заставалася татар. Адносна шматлікімі тут былі таксама немцы. Другой па колькасці нацыянальнай катэгорыяй былі ў краі расіяне. Асаблівым быў склад жыхароў Херсонскай губерні (уключала Адэшчыну), дзе было дастаткова шмат яўрэяў – да 12 %, а таксама румынаў (валахі і малдаване) – 5,4 % насельніцтва. Разам з тым, адрозніваўся склад насельніцтва ў вясковай мясцовасці і гарадах. Так, у вясковай мясцовасці выразна дамінавалі ўкраінцы: у Таўрычаскай губерні – 50,1 %, Херсонскай – 68,2 %, Кацярынаслаўскай – 80,1 %. Існавалі асобныя анклавы сельскага нямецкага, грэчаскага, румынскага (малдаўска-валашскага), балгарскага, расійскага, татарскага і нават яўрэйскага насельніцтва. Адрознівалася сітуацыя ў гарадах на паўднёвай ускраіне рэгіёну, што да таго ўжо цягам трох тысячагоддзяў ведалі што ёсць мультыкультурнасць (грэкі, скіфы, італьянцы, татары, інш.).

Табліца 1 – Насельніцтва Паўднёвай Украіны у канцы ХІХ ст.

Губерня усе украінцы расіяне немцы татары габрэі
чалавек у % чалавек у % чалавек у % чалавек у % чалавек у % чалавек у %
Херсонская 2 733 612 100,0% 1 462 039 53,5% 575 375 21,0% 123 453 4,5% 3 152 0,1% 322 537 11,8%
Таўрычаская 1 447 790 100,0% 611 121 42,2% 404 463 27,9% 78 305 5,4% 196 854 13,6% 55 418 3,8%
Кацярынаслаўская 2 113 674 100,0% 1 456 369 68,9% 364 974 17,3% 80 979 3,8% 17 253 0,8% 99 152 4,7%
Разам: 6 295 076 100,0% 3 529 529 56,1% 1 344 812 21,4% 282 737 4,5% 217 259 3,5% 477 107 7,6%

Агульна, сітуацыю можна характарызаваць тым, што адносна вырасла доля расійскага насельніцтва. Гэта было звязана з бурхлівымі працэсамімадэрнізацыі ў парэформенны час. Як раз гэты перыяд пасля 1854 г. не асветлены да перапісу 1897 г. массавымі статыстычнымі крыніцамі, таму працэсы патрабуюць сваёго больш поўнага вывучэння дагэтуль. Варта адзначыць, што ўплывалі, першае, індустрыялізацыя і равіццё гарадоў (Адэса, Марыупаль, Мікалаеў, Кацярынаслаў, гарады Крыму), па-другое – масавы выезд з Расійскай імперыі крымскіх татраў, па-трэцяе – русіфікатарская і каланізатарская палітыка імперскага цэнтру. Як вынік, у Марыупалі, Мікалаеве, Бердзянску расіяне складалі да 60 і звыш % жыхароў, у Адэсе, Херсоне і Кацярынаславе – каля паловы насельнікаў. На другой пазіцыі сярод гаражан краю былі яўрэі, і толькі на трэцяй пазіцыі – украінцы, што, праўда, складалі пераважную большасць жыхароў у шэрагу павятовых гарадоў (Бахмут, Авідзіопаль, Александрыя, Новамаскоўск і др.), звычайна ў Херсонскай губерні. Разам з тым, нагадаем, што сярод насельніцтва вясковай мясцовасці ўкраінцы ў краі абсалютна пераважалі (звыш 70 % жыхароў).

З выкладзенага вышэй вынікае: па-першае, што гістарычна землі т.зв. Наваросіі – гэта тэрыторыі Запарожскай Сечы, Крымскага ханства і Асманскай імперыі, што толькі ў 70-я – 90-я гг. XVIIIст. адышлі да Наварасійскай губерні; па-другое – ад пачатку масавай каланізацыі гэтага краю і да сённяшняга моманту большасць насельнікаў краю складаюць за этнічным вызначэннем украінцы. Па-трэцяе, тэрмін «Наваросія» нават у час свайго найбольшага свайго выкарыстання (ХІХ – пачатак ХХ ст.) захоўваў не да канца акрэслены характар адносна тэрытарыяльнага свайго пашырэння. Разам з тым, тэрмін выразна ўтрымліваў імперскую ідэалагічную сэнсавую дамінанту. Апошняе, канешне, зневажальна ў эпоху з агульнавызнанным правам украінскай нацыі на самавызначэнне і нацыянальнае дзяржаўнае будаўніцтва. Усё разам гэта дае, з улікам мультанацыянальнага характару буйнейшых гарадоў, правамерна гаварыць аб краі як Паўднёвай Украіне, а не «Наваросіі». Пашырэнне ў 1918 г. юрысдыкцыі нацыянальнай украінскай дзяржавы на гэтыя землі, а таксама прызнанне статусу земляў у наступным, цягам стагоддзя, паказалі правамернасць вызначэння краю як часткі Украіны.

 

ЛІТАРАТУРА:

  1. Кабузан, В.М. Заселение Новоросии (Екатеринославской и Херсонской губерний) в XVIII – первой половине XIX века (1719–1858 гг.) / В.М.Кабузан. – М.: Наука, 1976. – 307 с.
  2. Бібліографічне посилання: В.М. Хмарський. Новоросійський край, Новоросія [Електронний ресурс] // Енциклопедія історії України: Т. 7: Мі–О / Редкол.: В.А. Смолій (голова) та ін.; НАН України. Інститут історії України. –Київ: Наукова думка, 2010. – 728 с.: іл. – Режим доступу: http://www.history.org.ua/?termin=Novorosiia.
  3. Скальковский, А.А. Опыт статистического описания Новороссийского края: в 2-х т. / А.А. Скальковский. – Одесса, 1853. – Т. 2. – 1853.– 552, [III] с.
  4. Багалей, Д.И. Колонизация Новороссийского края и первые шаги его по пути культуры / Д.И. Багалей. – Киев: Тип. Корчак-Новицкого, 1889. – 118 с.
  5. Бондаренко, В.Г.Вільнокозацький рух на Півдні України: автореф. дис. на здобуття наук. ступеня канд. іст. наук: 07.00.01 / Бондаренко Володимир Григорович; Запорізький національній університет. – Зпоріжжа, 2006. – 20 с.
  6. Полонская-Василенко, Н. Заселение Южной Украины в середине XVIII в. / Н.Д. Полонская-Василенко // Историк-марксист. – 1941. – № 5. – С.30–46.
  7. Полонська-Василенко Н. Спогади / Н. Полонська-Вкасиленко; упор., вступ. ст. та імен. покажчик В. Шевчука. – Київ: Видавн. дім «Києво-Могилянська академія», 2011. – 591 с.
  8. Першина, З.В. Южная Украина в годы первой и второй революционных ситуаций: (Проблема центра и региона в рос. освободит. движении): автореф. дис. на соиск. учен. ст. д-ра ист. наук / З.В. Першина; Киев. гос. ун-т им. Т. Г. Шевченко. – Киев, 1977. – 38 с.
  9. Дружинина, Е.И. Северное Причерноморье в 1775–1800 гг. / Е.И. Дружинина. – М.: [Изд-во Акад. наук СССР], 1959. – 279 с. с илл.; 4 л. илл.
  10. Дружинина, Е.И. Южная Украина в 1775–1825 гг.: автореф. дисс. на соиск. уч. ст. д-ра ист. наук / Е.И. Дружинина; АН СССР. Ин-т истории СССР. – М., 1969. – 67 с.
  11. Кабузан, В.М. Заселение Северного Причерноморья (Новороссии) в XVIII – первой половине XIX века (1719–1858 гг.): автореф. дисс. … ст. д-ра ист. наук / В.М. Кабузан; АН СССР. Ин-т истории СССР. – М., 1969. – 69 с.
  12. Кабузан, В.М. Народы России в первой половине XIX в. Численность и этнический состав / В.М. Кабузан; РАН, ИРИ. – М. : Наука, 1992. – 216 с.
  13. Кабузан, В.М. Русские в мире: динамика численности и расселения (1719–1989), формирование этнических и политических границ русского народа / В.М. Кабузан; РАН, Институт российской истории. – СПб.: Русско-Балтийский информационный центр “БЛИЦ”, 1996. – 347, [4] с.
  14. Каллистов, Д.П. Северное Причерноморье в античную эпоху / Д.П. Каллистов. – М.: Учпедгиз, 1952. – 188 с.
  15. Куклина, И.В. Этногеография Скифии по античным источникам / И.В. Куклина. – Лг.: Наука. Ленингр. отд-ние, 1985. – 206 с.
  16. Античные государства Северного Причерноморья / Е.М. Алексеева, А.К. Амороз, Г.М. Арсеньева [и др.]; отв. ред. Г.А. Кошеленко и др. – М. : Наука, 1984. – 392 с., ил., 4 л. ил.
  17. Зубарев, В.Г. Историческая география Северного Причерноморья по данным античной письменной традиции: автореф. дис. на соиск. учен. ст. д-ра ист. наук: 07.00.03 / В.Г. Зубарев; Тульск. гос. пед. ун-т им. Л.Н.Толстого. – М., 2000. – 33 с.
  18. Греки и варвары Северного Причерноморья в скифскую эпоху / Ю.В.Андреев и др.; ответственный редактор К.К.Марченко; Российская академия наук, Институт истории материальной культуры. – СПб.: Алетейя: Алетейя. Историческая книга, 2005. – 463 с.
  19. Кадеев, В.И. Экономические связи античных городов Северного Причерноморья в I в. до н. э. – V в. н. э.: (На материалах Херсонеса) / В.И. Кадеев. – Харьков: Віща школа, 1989. – 134, [1] с.
  20.  Катакомбные культуры Северного Причерноморья : Источники, робл., исслед.: Сб. науч. тр.) / АН Украины, Ин-т археологии и др.; редкол.: С.Н. Братченко (отв. ред.) [и др.]. – Киев: Респ. ассоц. молодых ученых и специалистов АН Украины, 1991. – 267 с.
  21. Мельник, М.М. Візантія і кочевники Північного Причорномор’я X – XI ст.: історіографія проблеми: автореф. дис. … канд. істор. наук: 07.00.06 / М.М. Мельник; Львівський нац. ун-т ім. Івана Франка. – Львів, 2007. – 18 с.
  22. Одрін, О.В. Ресурсний потенціал та структура господарської діяльності античних держав в Північного Причорномор’я у V – III ст. до н. е.: автореф. дис. на здобуття наук. ст. канд. істор. наук: 07.00.02 / О.В. Одрін; НАН України, Інститут історії України. – Київ, 2007. – 18 с.
  23. Махортих, С.В. Культура та історія кіммерійців Північного Причорномор’я: автореф. Дис. на здобуття наук. ст. д-ра історичних наук: 07.00.04 / С.В. Махортих; НАН України, Ін-т археології. – Київ, 2008. – 31 с.
  24. Грибовський, В.В. Ногайськi орди Пiвнiчного Причорномор’я у XVIII – на початку XIX столiття: автореф. дис. … канд. істор. наук: 07.00.01 / В.В. Грибовський; Запорізький націон. ун-т. – Запоріжжя, 2006. – 19 с.
  25. Степаненко, В.В. Північне Причорномор’я у системі зовнішньоторгівельних зв’язків Російської імперії (90-і рр. XIX ст. – 1914 р. ): автореф. дис. на здобуття наук. ст. канд. істор. наук: 07.00.01 / В.В. Степаненко; Донецький національний університет. – Донецьк, 2006. – 20 с.
  26. Бойко, Я.В. Заселение Южной Украины, 1860–1890 гг.: Историко-экономическое исследование / Я.В. Бойко. – Черкассы: Сіяч, 1993. – 256 с.
  27. Козирев, В.К. Матеріали до історіі адміністративного устрою Південноі Украіни: Друга пол. XVIII – перша пол. XIX ст.: Зб. док. / В.К. Козирев; редкол.: А.В. Бойко (гол. ред.) [та інш.]; Ін-т укр. археогр. джерелознавства ім. М.С.Грушевського НАН Украіни. – Запоріжжя, 1999. – 527, [1] с.
  28. Господаренко, О.В. Діяльність місцевих органів влади і самоврядування на Півдні України у 1917–1920 рр.: соціально-економічний аспект: автореф. дис. на здобуття наук. ст. канд. істор. наук: 07.00.01 / О.В. Господаренко; Донецький національний университет. – Донецьк, 2005. – 18 с.
  29. Хрящевська, Л.М. Господарства німецьких колоністів Півдня України (кінець XVIII – початок XX ст.): автореф. дис. на здобуття наук. ст. канд. істор. наук: 07.00.01 / Л.М. Хрящевська; Національний університет “Києво-Могилянська академія”. – Київ, 2008. – 20 с.
  30. Швайба, Н.І. Н.Д.Полонська-Василенко – дослідник історії Південної України: автореф. дис. … канд. істор. наук: 07.00.06 / Н.І. Швайба; НАН України, Інститут української археографії та джерелознавства ім. М.С. Грушевського. – Київ, 2008. – 20 с.
  31. Шевченко, А.М. Зовнішня торгівля портів на Півдні України: (друга половина XIX – початок XX ст.): автореф. дис. на здобуття наук. ст. канд. істор. наук: 07.00.01 / А.М. Шевченко; Одеський національний університет ім. І.І. Мечникова. – Одеса, 2008. – 14 с.
  32. Бачинська, О.А., Чухліб Т.В. Міжнародні наукові читання «Південна Україна: козацька та післякозацька доба» (26–27 травня 2012 р., Одеські національній університет імені І.І. Мечникова) / О.А. Бачинська, Т.В. Чухліб / Український історичній журнал. – 2012. – № 5. – С. 222–224.
  33. Борисёнок, Е.Ю. Украина и Россия: спор о границах в 1920-е гг. / Е.Ю. Борисёнок // Региона и границы Украины в исторической перспективе / отв. ред. Л.Е. Горизонтов; Ин-т славяноведения РАН. – М., 2005. – С. 205–237.
  34. Полное собрание законов Российской Империи. Собрание Первое. 1649–1825 гг.: в 45 т. – СПб.: Тип. II Отдел. С.Е.И.В. Канцелярии, 1830. – Том XVI: 28 июня 1762 – 1765 гг. – [1120] с.
  35. Дружинина, Е.И. Южная Украина в период кризиса феодализма, 1825–1856 гг. / Е.И. Дружинина. – М.: Наука, 1981. – 216 с.

 

[1]Заўвага 1 – Большасць даследчыкаў Паўночнага Чарнамор’я ў акрэсленні рэгіёна крочыць услед за Клаўдыем Пталемеем (І ст. н.э.): паўночная часціна Азова-Чарнаморскага басейну ад р. Дон да вусця р. Дунай.

Leave a Reply