“Таварыства ўкраінскай літаратуры” і палеская тэма на VI Кангрэсе даследчыкаў Беларусі

img_7675 img_7681

7–9 кастрычніка ў дажджлівым халодным літоўскім Каўнасе прайшоў Шосты Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Ён сабраў некалькі соцень навукоўцаў з дзясятка краін. У Кангрэсе паўдзельнічала і Таварыства ўкраінскай літаратуры. Панэль, ініцыяваная сябрамі Таварыства, была прысвечаная вывучэнню беларуска-ўкраінскага памежжа і падзеленая на два блокі: мовазнаўчы і гістарычны. Яе наведалі каля 20 чалавек. З праграмай можна азнаёміцца тут.

img_7802

 

img_7695Уводны выступ Наталкі Бабінай, старшыні Таварыства, падняў дыскусіўныя, балючыя пытанні: як зберагаць лакальную ідэнтычнасць сярод вялікіх нацыянальных культур? як – і ці ёсць сэнс – спрыяць захаванню мясцовых гаворак? Цяперашняе пакаленне – апошняе, якое ведае мясцовую гаворку, выказалася Бабіна.

Ёй запярэчыў культуролаг Віктар Місіюк: такая думка – песімістычны варыянт, а рэалістычны такі, што захаванасць і ўжыванасць гаворак вельмі залежыць ад мясцовасці.

 

Найбольш падымалі праблему ідэнтычнасці, памяці і яе болевых кропак. Філолаг Наталля Хабзей адзначыла, прыход да сябе праз сваю гаворку цяпер  складанейшы, чым праз літаратурную мову – “бо гэтае слоўца, гэтае карэнне не перадавалася табе ад продкаў, каб загаварыць, трэба асяроддзе”.

img_7741

З-за гістарычных абставін у нашым рэгіёне памяць дэвальвавалася. Захоўваць фатаграфіі, лісты было нельга. Цяпер амаль кожны па кроплі адшуквае сваё мінулае – камусьці гэта ўдаецца, камусьці не. “Коли ми видавали «Лексикон львівський» (він вже має три видання), ми хотіли цим словником показати: те, що рідне і близьке, треба фіксувати”.  “Бо гісторыя – гэта шанец на існаванне для тых, каго ўжо няма,” – сцвердзіў Віктар Місіюк.

У асноўнай частцы свайго выступу філолаг і дыялектолаг са Львова Наталля Хабзей звярнула ўвагу на спробы ўкраінскай Акадэміі навук стварыць слоўнікі заходнепалескіх гаворак.

img_7732 img_7734

Яна расказала, што ў 60-я гады да дыялектолагаў у палескай вёсцы ставіліся яшчэ вельмі насцярожана, часта на пытанні: “Як у вас називають … (до прикладу, який-небудь предмет побуту)” жанчыны адказвалі: “Я в політику не бавлюся”. Першая лексікаграфічная праца па беларуска-ўкраінскім памежжы належала рэпрэсаванаму даследчыку Міколу Карзанюку, які пазначаў лакацыю і літаратурны адпаведнік або кароткае апісанне кожнай лексемы: “баді – оладки з тертої картоплі», «бекар – дитяча гра». Другім выбітным украінскім даследчыкам беларуска-ўкраінскага памежжа быў Рыгор Аркушын, які ў Луцку сабраў выдатную фанатэку гаворак. На аснове яе нядаўна была створана электронная мапа дыялектаў, дзе можна пачуць гаворку ці не кожнай вёскі рэгіёна!

Басконец Крышціян Рансэра даследуе вузкі прадмет: лічэбнікі ў палескіх гаворках, а даклад прысвяціў зусім вузкай тэме – лічэбнікам 2–4 і назоўнікам гэтага ліку.

img_7758 img_7765

Гэта асаблівы лік, які сустракаецца хіба толькі ў Аўстраліі!” – захапляецца Крышціян. У некалькіх вёсках  даследчык сутыкнуўся з зусім асаблівым выпадкам: папрасіў дапасаваць назоўнікі “брат” і “сын” да лічэбнікаў “два”, “тры”, “чатыры”. Выйшла “два браты, тры браты”, але “чатыры браты”, тое ж з “сынамі”. “Ваў! Гэта супраць усіх тэорый!” – дзівіцца хлопец. Украінскія ўдзельніцы секцыі параілі Крышціяну не арыентавацца адно на расійскую навуку ў вывучэнні гэтага пытання, а звярнуцца да напрацовак украінскіх даследчыкаў.

img_7773  img_7776

img_7813

Таксама аспірант брытанскага Інстытута Сары падзяліўся досведам, як крэатыўна збіраць звесткі падчас палявога даследавання: галоўнае – весяліць інфармантаў. У экспедыцыі Крышціян мае пры сабе некалькі зборнікаў казак і просіць інфарманта пераказаць нейкую з іх, але з гумарам – або расказаць зададзеную простую сітуацыю, але так, каб было весела! Зазвычай людзям гэта падабаецца, смяецца даследчык.

 

Гістарычную частку секцыі адкрыў гісторык Віктар Кахновіч, які расказаў пра эканамічнае становішча і гістарычную памяць дваранства Піншчыны ў 19 стагоддзі. Дагэтуль прозвішчы шляхты часоў ВКЛ можна сустрэць у Пінскім рэгіёне, адзначыў навуковец. Шляхецкая супольнасць тут сфармавалася ўжо ў 14 стагоддзі, і надалей была практычна закрытай групай, якая на 90% складалася з праваслаўных родаў.

img_7789

Можа падацца, што праваслаўныя дваране – якраз тая група, на якую абапіраліся ўлады Расійскай імперыі, праводзячы каланіяльную палітыку. Аднак прыклад пінскай шляхты паказвае адваротнае, а менавіта існаванне каланіяльнага рэжыму ў чыстым выглядзе. У 1865 годзе выйшаў закон, які забараніў памешчыкам беларускіх і ўкраінскіх губерняў набываць зямлю, здаваць зямлю ў заклад – “до усиления русских помещиков”. Гэта закранула і ўсіх землеўласнікаў Піншчыны нягледзячы на іх веравызнанне. Дзяржава злоўжывала маніпуляцыямі пры зборы падаткаў, такім чынам падтрымліваючы лаяльных і аслабляючы нелаяльных памешчыкаў.

img_7785  img_7786

Цікава, што пад ціскам дзяржавы памешчыкі аказаліся здольныя да салідарнасці, а на наступным этапе зразумелі, што трэба змагацца за культурны ўплыў на сялянства. Выхадцы з Расіі не маглі зразумець іх памкненняў: у нашчадкаў Рэчы Паспалітай і Расійскага царства былі зусім розныя культурныя коды, код пінскага дваранства – поліэтнічнасць.

Гістарычны блок працягнуў даклад культуролага з Брэста Віктара Місіюка. Ён распавёў пра дзейнасць украінскіх сацыялістычных партый Сельсаюз і Сельроб у Палескім ваяводстве. Гэтыя партыі мелі некамуністычны характар (“Мы – антыкамуністычная, але пранацыянальна-бальшавіцкая партыя”, казаў адзін з лідараў Васіль Пархотык), з’яўляліся найбуйнейшай беларуска-ўкраінскай палітычнай сілай у міжваеннай Польшчы, а таксама адзінай сілай, што атрымала досвед мясцовага самакіравання.  Характэрна, што пяцёра ўкраінскіх паэтаў Берасцейшчыны былі сябрамі сацыялістычных партый.  “Ще нам, браття-сільробівці, усміхнеться доля” – такая пераробка ўкраінскага гімна была папулярная на Берасцейшчыне. У найбольш спрыяльныя часы партыя Сельроб мела 10 тысяч сяброў у Палескім ваяводстве і ля 50 тысяч прыхільнікаў.

img_7828  img_7834
Вывучэнне дзейнасці сацыялістычных партый  на Берасцейшчыне ў міжваенны час паказвае, што жыхары Палесся зусім не былі пасіўнымі і абыякавымі ў палітыцы, як гэта прынята лічыць.

img_7843

Працягнуў тэму міжваенных нацыянальных рухаў на Брэстчыне гісторык Алесь Пашкевіч, ён расказаў пра канкурэнцыю ды супрацу беларускага і ўкраінскага рухаў у гэтым рэгіёне са складанай гістарычнай памяццю.  Натуральным супернікам для абодвух нацыянальных рухаў тут выступала Польская дзяржава, таму сілы стараліся супрацоўнічаць, хоць і не маглі пазбегнуць разладаў на глебе Берасцейшчыны, адзначыў даследчык.

Тым не менш, перад парламенцкімі выбарамі сілы падзялілі сферы ўплыву: украінцы пайшлі агітаваць на Заходняе Палессе, беларусы – на Піншчыну. Вынікі выбараў раскрылі патэнцыял нацыянальных палітычных сіл, канстатаваў Пашкевіч: берасцейскія ўкраінцы здолелі правесці яркую кампанію у Брэсцкімі і Кобрынскім паветах, а вось беларусам на Піншчыну ўжо не хапіла сіл. Гэты рэгіён застаўся найменш ахоплены хоць-якімі палітычнымі ўплывамі.

img_7844

На рэгіён, не закрануты нацыянальнымі ідэямі меншых народаў, добра клалася ідэя “вялікай Расіі”. Пра гэту з’яву расказаў берасцеец, аспірант Польскай Акадэміі навук Павел Абламскі.

img_7850

Найбольш рускую ідэю падтрымлівала інтэлігенцыя, што мела вялікі ўплыў і заставалася на чыноўніцкіх пасадах яшчэ з дарэвалюцыйных часоў (у той час як уплыў польскіх чыноўнікаў быў мінімальны – ніхто з іх не хацеў ехаць на Палессе). Дадатковымі фактарамі на карысць замацавання на Берасцейшчыне расійскай мовы было шырокае ўжыванне яе ў польскай дзяржаўнай прапагандзе, падтрымка не толькі сярод інтэлігенцыі часоў Расійскай імперыі, але і сярод яўрэйскай інтэлігенцыі, а таксама ўжыванне праваслаўнай і пратэстанцкай цэрквамі. У выніку царква па-руску малілася за цара Мікалая ІІ, у Брэсце па дарэвалюцыйных праграмах працавала расійская гімназія, у Пінску выходзіла ўплывовая газета “Под небом Полесья”, а Рускае Нацыянальнае Аб’яднанне агітавала, каб на перапісе людзі запісваліся “рускімі”.

img_7846  img_7849

Як і ў сучаснай Беларусі, рускія ў міжваеннай Польшчы не ўспрымалі сябе як меншасць, сцвярджае даследчык. Характэрна, што за перыяд 20-30-х гадоў прыхільнікі расійскай імперыі на Палессі ператварыліся ў прыхільнікаў імперыі бальшавікоў і віталі іх прыход на заходнебеларускія землі ў 1939 годзе.

Прыемнай неспадзеўкай стала далучэнне да “палескай” панэлі даследчыкаў з украінскага Дзяржаўнага навуковага цэнтра абароны культурнай спадчыны ад тэхнагенных катастроф. Мадэратары папрасілі сказаць колькі слоў  кіеўскага этнолага Алену Борак, якая раней выступіла з дакладам на секцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

img_7800

Пані Алена распавяла пра экспедыцыі па беларуска-ўкраінскім памежжы, пачынаючы ад Чарнобыльскай зоны і далей на захад. Даследчыца вывучае трансфармацыю традыцыйнага пахавальнага абраду. Напрыклад, куды ставяць шклянку вады і хлеб для душы памерлага; куды выліваюць ваду, якой абмывалі нябожчыка (на вугал – на Лоеўшчыне, у Хойніцкім, Ельскім раёнах, пад дрэва – у Ровенскай, Валынскай абласцях і на Кобрыншчыне Брэсцкай вобласці); ці пакрываюць магілу палатном (у Лунінецкім, Столінскім, Камінь-Кашырскім раёнах); ці ладзяць памінальную вячэру (на Піншчыне, Століншчыне, Іванаўскім і Камінькашырскім раёнах) і іншыя. Даследчыца выявіла, што культурныя асаблівасці на беларуска-ўкраінскім памежжы цягнуцца мерыдыяльна, люстэркава. Наяўнасць дзяржаўнай мяжы пакуль зусім не адбіваецца на традыцыі. У канцы выступу даследчыца падзялілася: “Беларуска-ўкраінскае памежжа – вельмі асаблівы рэгіён. Гэта тэрыторыя гістарычна, геаграфічна, экалагічна магла стварыць умовы для ўтварэння нейкага першаснага этнасу, які пазней расцягнуўся па тэрыторыі…

img_7797 img_7799

У ходзе дыскусіі выявілася балючая праблема па абодва бакі мяжы – знішчэнне традыцыйнай культуры праваслаўнай царквой Маскоўскага патрыярхату: святары забараняюць людзям захоўваць векавыя звычаі, навязваюць новаўвядзенне. Ідзе наступ на традыцыйную культуру! – перажываюць этнолагі і ўсе, хто дбае пра захаванне лакальнай культуры.

    img_7808

Пасяджэнне даследчыкаў Заходняга Палесся, беларуска-ўкраінскага памежжа доўжылася ўвесь дзень – з 10-й гадзіны да 16.30. Вельмі важным стаў міждысцыплінарны характар секцыі: спецыялісты розных галін здолелі падзяліцца сваімі поглядамі на важныя для кожнага праблемы. Прысутнасць даследчыкаў з трох краін дазволіла наладзіць кантакты і, спадзяёмся, далейшую трывалую камунікацыю беларускіх, украінскіх і польскіх цэнтраў па даследаванні нашага памежжа, Палесся – “пярліны паміж дзвюма ракавінкамі”.

Таварыства ўкраінскай літаратуры пры СБП шчыра дзякуе арганізатарам Кангрэсу даследчыкаў Беларусі за цудоўную магчымасць для навуковай камунікацыі і новых знаёмстваў і выдатную арганізацыю ўсяго мерапрыемства!