У нядзелю, 20 верасня, у Камянецкай раённай бібліятэцы імя Усевалада Ігнатоўскага прэзентавалі другі нумар беларуска-ўкраінскага альманаха “Справа”. Вечарыну вяла пісьменніца і старшыня Таварыства украінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў Наталка Бабіна.
Яна кораценька распавяла прысутным гісторыю стварэння альманаха, анансавала самыя цікавыя матэрыялы чарговага нумара і падзялілася планамі на будучыню.
З кароткімі прамовамі таксама выступілі іншыя аўтары “Справы”: празаік і паэт, малады юрыст Кірыл Азімка, настаўніца і перакладчыца Вера Філосаф ды настаўнік гісторыі, арганізатар раённага конкурсу твораў на мясцовых гаворках Аляксей Шумэр.
На развітанне паэт і бард, аўтар фота з вокладкі другога нумару “Справы” Алесь Паплаўскі выканаў некалькі сваіх аўтарскіх песень.
З бібліятэкі сустрэча перацякла ў кавярню, а потым нават і на камянецкую на вежу.
Таварыства выказвае вялізную падзяку ўсім гасцям і ўдзльнікам імпрэзы, асаблівую – энергічнаму Аляксею Шумэру, непасрэднаму арганізатару сустрэчы!
тэкст: Алесь Паплаўскі, ПС; фота: Віктар Місіюк